НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.​Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Энца («Джаконда» А.​Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял. т-ра ў Маскве.

А.​Я.​Ракава.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)