ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава; Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.Гернет (1979, разам з В.Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,
самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.А.Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.К.Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.
Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЎЦО́Ў (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.Дударава), Максім («Выклік багам» А.Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́НЗІЯ (ад лац. recensio разгляд, ацэнка),
артыкул-даследаванне адлюстраванай рэчаіснасці, у якім ацэньваецца маст. (літ., муз., кінематаграфічны, тэатр. і інш.), навук. ці навук.-папулярны твор, разглядаюцца вартасці і недахопы яго зместу і формы; аналіт. жанр газетна-часопіснай публіцыстыкі, літ., маст., навук. крытыкі. Галоўнае ў Р. — ацэнка важкасці аўтарскіх канцэпцый і правільнасці меркаванняў, вывадаў, рэкамендацый. Рэцэнзент ацэньвае тэарэт. і практ. значнасць новых ідэй, сац. мадэлей, тэхн. навінак, падмацоўваючы свае вывады сістэмай аргументаў і тэкставых вытрымак. Вылучаюць некалькі асн. відаў Р.: невял. крытычны або публіцыстычны артыкул (часта палемічнага характару), у якім выказаны адносіны да пэўнага твора ці вынаходніцтва; разгорнутая анатацыя, якая раскрывае змест твора; маст.-публіцыстычная інтэрпрэтацыя твора (эсэ) з роздумам-ацэнкай; аўтарэцэнзія, у якой аўтар выкладае погляд на свой твор ці палемізуе з крытыкам адносна тлумачэння гэтага твора ў друку. Адметнасць Р. як жанру: своеасаблівыя стыль, прыёмы распрацоўкі і трактоўкі тэмы, спецыфічныя сюжэтныя і кампазіцыйныя сродкі. Р. як асобая форма літ.-маст. крытыкі ўключае логіка-вобразную карціну ўспрымання твора, сістэму ўспрымання і пазнання навакольнай рэчаіснасці, засн. на ўласным вопыце рэцэнзента. Рэцэнзент выкарыстоўвае аўтарскія канцэпцыю выкладу і думку, таму Р. не прэтэндуе на поўную самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (сапр.Цяцернікаў) Фёдар Кузьміч
(1.3.1863, С.-Пецярбург — 5.12.1927),
рускі пісьменнік. Скончыў С.-Пецярбургскі настаўніцкі ін-т (1882). Да 1907 настаўнічаў. Друкаваўся з 1884. Адзін з тэарэтыкаў сімвалізму (арт. «Дэманы паэтаў», 1907; «Тэатр адной волі», 1908, і інш.). У першым рамане «Цяжкія сны» (1895) спалучэнне натуралістычнага паказу правінцыяльнага побыту з пропаведдзю эстэтызму і эротыкі. Матывы адчаю, індывідуалізм у паэт.зб. «Палымяны круг» (1908). Гратэскны паказ жыцця рус. правінцыі ў зб. апавяданняў «Джала смерці» (1904), рамане «Дробны чорт» (1905) і інш. У трылогіі «Легенда, якая ствараецца» (ч. 1—3, 1907—13) — культ і трагізм эрасу. Сімвалічныя тэмы і матывы ў паэт. зб-ках «Блакітнае неба» (1920), «Фіміямы» (1921), «Жалейка» (1922) і інш. Аўтар «Палітычных казачак» (1906), зб.паліт. вершаў «Радзіме» (1906), п’ес «Дар мудрых пчол» (1907), «Перамога смерці» (паст. 1907), «Начныя скокі» (1908), рамана «Заклінальніца змеяў» (1921) і інш. Перакладаў Вальтэра, Гі дэ Мапасана, Ш.Бадлера, П.Верлена, А.Рэмбо, Г.Гейнэ, О.Уайльда, Т.Шаўчэнку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,
расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час.«Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус.рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выходзіла з 15(27). 11.1898 да 29.11(12.12). 1905 у Вільні на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася кансерватыўна-асв., у 1905 памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нац. і рэліг. прымірэння. Беларусь лічыла «рускім краем», не прызнавала існавання бел. нацыі. Пад уплывам рэв. руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакр. рэформ у Расіі. Друкавала навук.-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літ.-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў краі. У перакладзе на рус. мову змяшчала творы польскіх, франц., ням. пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М.Гогаля, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, М.Някрасава і інш., адзначала папулярнасць і талент М.Горкага, у ліберальна-бурж. адаптацыі падавала думкі В.Бялінскага, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага. Друкавала агляды віленскіх маст. выставак, падрыхтаваныя прапагандыстам сімвалізму Г.Каспяровічам. Публікавала творы Д.Бохана, у т. л. пераклад польскага верша Я.Лучыны «На могілках», нарыс пра творчасць У.Сыракомлі. Змясціла некралог «Ф.К.Багушэвіч» і арт. М.Радзіна «Памяці Ф.К.Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека.