ЧЭКЕ́ЦІ (Cecchetti) Энрыка (21.6.1850, Рым — 12.11.1928),

італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Фларэнційскай акадэміі танца. З 1868 выступаў у т-рах Італіі, з 1885 вядучы танцоўшчык т-ра «Ла Скала» ў Мілане. З 1887 першы танцоўшчык, з 1890 балетмайстар, з 1892 рэпетытар Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, адначасова выкладаў у Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. З 1902 кіраваў школай пры Варшаўскай оперы, з 1906 заснаванай ім школай у Пецярбургу. У 1911—21 гал. педагог-рэпетытар «Рускага балета Дзягілева». Заснаваў школы ў Лондане (1918), Мілане (1925). Танцор-віртуоз. Першы выканаўца партый: Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Бог ветру Ваю («Талісман» Р.​Дрыга) і інш. Сярод яго вучняў: А.Ваганава, А.Горскі, Т.Карсавіна, М.Кшасінская, С.Ліфар, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, М.Фокін. Практычны вопыт Ч. абагульнены С.​Бомантам і С.​Ідзікоўскім у «Падручніку тэорыі і практыкі класічнага і тэатральнага танца паводле метаду Чэкеці» (1922).

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)