СТЭ́ЛЬМАХ Уладзімір Мацвеевіч (15.7.1910, в. Бушмічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. —27.1.1974),

бел. тэатральны дзеяч, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў студыю БДТ-2 (1930), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1954). Акцёр бел. трама (з 1930), т-ра юнага гледача імя Н.​Крупскай (1937—41), дырэктар т-раў імя Я.​Коласа (з 1943), оперы і балета Беларусі (з 1945), імя Я.​Купалы (1947—51), рэсп. т-ра юнага гледача (1955—66). Характарны акцёр. З лепшых роляў: Косця-капітан («Арыстакраты» М.​Пагодзіна), фельдфебель Мокры («Музыканцкая каманда» Д.​Дэля) у траме; рабочы Розенц («Гады выпрабаванняў» К.​Райманд), Пан («Цудоўная дудка» В.​Вольскага) у т-ры юнага гледача. Аўтар п’ес «Шляхі» (паст. 1931), «Канец маскараду» (з Ю.​Рудзько, паст. 1938) і інш. Аўтар кніг «Народны артыст СССР Г.​П.​Глебаў» (1954), «Шляхі беларускага тэатра» (1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Тэатр і час: Запіскі дырэктара тэатра» (1973), артыкулаў пра бел. т-р. Пераклаў на бел. мову «Хітрыкі Скапэна» Мальера (паст. 1940).

Літ.:

Пятровіч С. Уладзімір Стэльмах // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 15, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАРША́Н (Sudarshan) Энакал Чэндзі Джордж (н. 16.9.1931, Палам, каля г. Котаям, Індыя),

індыйскі і амер. фізік-тэарэтык. Чл. Індыйскай нац. АН (1973) і інш. АН Скончыў Мадраскі (Індыя; 1952) і Рочэстэрскі (ЗША; 1958) ун-ты. У 1952—55 у Ін-це фундаментальных даследаванняў у г. Бамбей (Індыя). З 1959 у Гарвардскім, з 1961 у Рочэстэрскім ун-тах. З 1965 праф. Сіракузскага ун-та (штат Нью-Йорк), з 1969 — Тэхаскага ун-та (г. Остын), у 1984—90 дырэктар Ін-та матэм. навук у г. Мадрас. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай оптыцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі калібровачных палёў. Разам з Р.​Ю.​Маршаком распрацаваў універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (1957). Выказаў гіпотэзу аб існаванні тахіёнаў — часціц, што рухаюцца са звышсветлавой скорасцю (1962). Сфармуляваў аптычную тэарэму эквівалентнасці (1963).

Тв.:

Рус. пер. — Введение в физику элементарных частиц М., 1962 (разам з Р.​Маршаком);

Основы квантовой оптики. М., 1970 (разам з Дж.​Клаўдэрам);

Частицы за световым барьером (разам з О.​Біланюком) // Эйнштейновский сб., 1973. М., 1974;

Doubt and Certainty. Cambridge, 1999 (разам з Т.​Ротманам).

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Сударшан.

т. 15, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНІК Міхаіл Раманавіч (21.11.1910, в. Пяцюлёва Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1995),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), канд. філал. н. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). У 1930—36. 1938—43 настаўнічаў, у 1943—44 нач. упраўлення кадраў Наркамасветы БССР. У 1944—52 навук. супрацоўнік Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. З 1952 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (заг. сектара, у 1957—83 дырэктар). Даследаванні па бел. лексікалогіі і лексікаграфіі, арфаграфіі, тэрміналогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовазнаўства. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), 14-моўнага «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, Прага, 1977—79), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​М.​Лобанам; 6-е выд., 1990), «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Старшыня Бел. (1959—85), чл. Міжнар. (1973) камітэтаў славістаў.

Тв.:

Гісторыя ўзнікнення і этапы развіцця беларускай лексікаграфіі старажытнай пары // Працы Ін-та мовазнаўства АН БССР 1957. Вып. 4;

Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 1965.

М.​Н.​Крыўко.

М.Р.Суднік.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎ Дзмітрый Дзмітрыевіч (3.1.1835, в. Асінаўка Віцебскага р-на — 21.3.1902),

бел. і рас. педагог. Скончыў Віцебскую гімназію (1852), настаўніцкія курсы Пецярбургскага ун-та (1859). З 1852 выкладаў рус. мову, геаграфію і гісторыю ў віцебскіх яўр. чатырохкласным і гандл.-прамысл. вучылішчах. З 1857 у Пецярбургу: выкладаў у гімназіі, у жаночым Марыінскім вучылішчы, у 1860—62 у Смольным ін-це, з 1865 на Вышэйшых пед. курсах пры 2-й Пецярбургскай ваен. гімназіі. З 1873 дырэктар Кубанскай, з 1878 — Закаўказскай семінарый. З 1883 інспектар па навуч. частцы вучылішчнага к-та Пецярбургскай гар. думы, адначасова ў 1888—91 рэдагаваў час. «Детское чтение». Выступаў за ўсеагульную пач. адукацыю і распаўсюджванне пісьменнасці ў народзе. Распрацаваў методыкі выкладання рус. мовы і геаграфіі. Аўтар першых рус. наглядных дапаможнікаў для гімназій «Свет у карцінках» (1866), «Дар слова» (1868), геагр. хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (т. 1—6, 1864—69) і шэрагу прац па гісторыі адукацыі.

Тв.:

Избр. пед. соч. М., 1953.

Літ.:

Макаев В.В. Жизнь и педагогическая деятельность Д.​Д.​Семенова. Тбилиси, 1956.

І.​М.​Шаруха.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЧЫ́ЦКІ Эдуард Іванавіч (н. 19.7.1935, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогіі мікраэлектронных вырабаў. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р тэхн. н. (1974), праф. (1981). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1976 заг. лабараторыі Ін-та электронікі, з 1990 дырэктар Інж. цэнтра «Плазматэг» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры, кінетыцы і тэрмадынаміцы фазавых пераўтварэнняў у тонкіх плёнках і пакрыццях, праблемах павышэння надзейнасці і даўгавечнасці машын нанясеннем зносаўстойлівых і ўмацавальных пакрыццяў. Распрацаваў тэорыю кінетыкі ўзнікнення і росту тонкіх плёнак ва ўмовах стацыянарнага і імпульснага асаджэння. Стварыў імпульсныя катодна-дугавыя крыніцы плазмы для нанясення высокадакладных шматслойных і шматкампанентных пакрыццяў і сінтэзу новых матэрыялаў. Сфармуляваў прынцыпы рэалізацый метастабільных фазавых і структурных станаў у тонкіх плёнках. Эксперыментальна атрымаў алмазныя і алмазападобныя плёнкі пры нізкіх т-рах.

Тв.:

Производство полуфабрикатов из спеченной алюминиевой пудры (САП). М., 1965 (у сааўт.);

Структура тонких металлических пленок. Мн., 1968 (разам з В.​П.​Севярдэнкам);

Кристаллизация и термообработка тонких пленок. Мн., 1976.

М.​П.​Савік.

Э.І.Тачыцкі.

т. 15, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯКО́Ў Пётр Мікалаевіч (12.11.1909, г. Кастрама, Расія — 12.6.1976),

расійскі археолаг і гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р гіст. н. (1945). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). У 1950—53 гал. рэдактар час. «Вопросы истории». З 1951 дырэктар Ін-та славяназнаўства АН СССР, з 1959 у Ленінградскім аддзяленні Ін-та археалогіі АН СССР. Даследаваў праблемы этнагенезу і стараж. гісторыі ўсх. славян, працэс складвання стараж.-рус. народнасці. У 1951 узначаліў Славянскую (Верхнедняпроўскую) экспедыцыю, якая пачала вывучэнне культур ранняга жал. веку і 1-га тыс. н.э. ў Верхнім Падняпроўі. У 1951—53 разам з Ю.​У.​Кухарэнкам і В.​М.​Мельнікоўскай адкрыў і абследаваў шэраг помнікаў зарубінецкай і мілаградскай культур на Гомельшчыне. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кадраў бел. археолагаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Восточнославянские племена. 2 изд. М., 1953;

Раннеславянские поселения и могильники на территории Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та археологии. Киев, 1955. Вып. 4;

Чаплинское городище // Памятники зарубинецкой культуры. М.; Л., 1959;

Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

У истоков древнерусской народности. Л., 1970;

По следам древних славянских племен. Л., 1982.

В.​С.​Вяргей.

т. 15, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛЕР (Wheeler) Джон Арчыбальд (н. 9.7.1911, г. Джэксанвіл, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Нац. АН ЗША (1952), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1954). Скончыў ун-т Дж.​Хопкінса (ЗША, 1933). З 1938 у Прынстанскім (з 1947 праф.), з 1976 у Тэхаскім ун-тах, у 1976—86 дырэктар Цэнтра тэарэт. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы, тэрмаядз. сінтэзе, квантавай электрадынаміцы, адзінай тэорыі поля, тэорыі гравітацыі, рэлятывісцкай астрафізіцы. Увёў матрыцу рассеяння (1937; раней за В.Гайзенберга), даў колькасную тэорыю дзялення атамнага ядра (1939; разам з Н.Борам), абгрунтаваў магчымасць ядз. ланцуговай рэакцыі дзялення урану (1939). Заснавальнік геаметрадынамікі — канцэпцыі геам. апісання гравітацыі і электрамагнетызму (1957). У 1942—46 і 1950—53 удзельнічаў у стварэнні ядз. зброі.

Тв.:

Рус. пер. — Гравитация. Т. 1—2. М., 1977 (разам з Ч.​Мізнерам, К.​Торнам);

Открытие деления ядер (разам з О.​Фрышам) // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 4;

Черные дыры, гравитационные волны и космология. М., 1977 (разам з М.​Рысам, Р.​Руфіні).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.А.Уілер.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАМЕ́Й Уладзімір Мікалаевіч (30.6.1914, г. Седльцы, Польшча — 8.12.1984),

савецкі вучоны ў галіне механікі, ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958). Двойчы Герой Сац. Працы (1959, 1963). Скончыў Кіеўскі авіяц. ін-т (1937), дзе і працаваў; адначасова ў Ін-це прыкладной матэматыкі і механікі АН УССР. З 1941 у Цэнтр. ін-це авіяц. маторабудавання (з 1944 дырэктар і гал. канструктар). З 1959 ген. канструктар ракетна-касм. тэхнікі. Навук. працы па канструкцыі і дынаміцы машын, тэорыі ваганняў, дынамічнай устойлівасці пругкіх сістэм, тэорыі сервамеханізмаў. Стварыў першы ў СССР пульсуючы паветрана-рэактыўны рухавік (1942). Пад яго кіраўніцтвам створаны важныя аб’екты авіяц., ракетнай і касм. тэхнікі, у т. л. ракетаносьбіт і ШСЗ «Пратон», ШСЗ «Палёт», арбітальныя станцыі «Алмаз». Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1967, 1974, 1982. Залатыя медалі АН СССР імя Жукоўскага (1964) і імя Ляпунова (1977).

Тв.:

О возможности повышения устойчивости упругих систем при помощи вибрации. М., 1956;

Исследование пневматических и гидравлических сервомеханизмов. М., 1958.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Седлов Л.И. В.​Н.​Челомей // Избранные проблемы прикладной механики. М., 1974.

У.​С.​Ларыёнаў.

У.М.Чаламей.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПСКІ, Гутэн-Чапскі Эмерык Карлавіч (Эмерык Захар’яш Мікалай Севярын; 17.11.1828, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.7.1896), дзяржаўны дзеяч, калекцыянер. Чл. Рус. археал. т-ва (1851), Маскоўскага нумізматычнага т-ва (1890). З роду Чапскіх. Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1851 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1863 наўгародскі губернатар, пасля дырэктар Ляснога дэпартамента Мін-ва дзярж. маёмасцей. З 1861 міравы пасрэднік Мінскага пав. У 1879 пакінуў дзярж. службу і жыў у Станькаве. Заснаваў Станькаўскі музей Эмерыка Чапскага, дзе зберагаліся манеты, медалі, зброя, творы мастацтва, гіст. дакументы, кнігі і інш. Аўтар кн. «Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору Э.​К.​Гутэн-Чапскага» (1875), «Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э.​Гутэн-Чапскага» (т. 1—5, 1871—1916). Працы Ч. адзначаны вял. сярэбраным медалём Рус. археал. т-ва, у гонар 25-годдзя яго навук. працы ў 1896 выбіты медаль. У 1894 падзяліў свае маёнткі Станькава і Прылукі паміж сынамі і пераехаў у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы (цяпер у складзе Нац. музея). Гл. таксама Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль.

А.​І.​Валахановіч.

Э.К.Чапскі.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́ЛАЎ Дзмітрый Трафімавіч (5.11.1905, Ашгабат — 18.8.1995),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН СССР (1953), праф. (1939), ген.-маёр (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), Аграрны ін-т чырв. прафесуры (1934). У 1920—30-я г. ў пракуратуры, на гасп., навук. і выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета арміі. З 1946 у апараце ЦК КПСС. У 1952—56 гал. рэдактар газ. «Правда», у 1955—57 сакратар ЦК КПСС, у 1956—57 міністр замежных спраў СССР. Удзельнік рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій, дапамагаў М.С.Хрушчову рыхтаваць даклад да XX з’езда КПСС (1956). На чэрвеньскім пленуме ЦК КПСС (1957). крытыкаваў Хрушчова за парушэнні прынцыпаў калект. кіраўніцтва і некампетэнтнасць, за што штучна прылічаны да т.зв. антыпарт. групы і адхілены ад усіх парт. і дзярж. пасад. З 1957 дырэктар Ін-та эканомікі АН Кіргізіі, у 1960—82 у Гал. архіўным упраўленні пры СМ СССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка «Палітычная эканомія» (1954).

Літ.:

И примкнувший к ним Шепилов: Правда о человеке, ученом, воине, политике. М., 1998.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)