СЯМЁНАЎ Дзмітрый Дзмітрыевіч (3.1.1835, в. Асінаўка Віцебскага р-на — 21.3.1902),
бел. і рас. педагог. Скончыў Віцебскую гімназію (1852), настаўніцкія курсы Пецярбургскага ун-та (1859). З 1852 выкладаў рус. мову, геаграфію і гісторыю ў віцебскіх яўр. чатырохкласным і гандл.-прамысл. вучылішчах. З 1857 у Пецярбургу: выкладаў у гімназіі, у жаночым Марыінскім вучылішчы, у 1860—62 у Смольным ін-це, з 1865 на Вышэйшых пед. курсах пры 2-й Пецярбургскай ваен. гімназіі. З 1873 дырэктар Кубанскай, з 1878 — Закаўказскай семінарый. З 1883 інспектар па навуч. частцы вучылішчнага к-та Пецярбургскай гар. думы, адначасова ў 1888—91 рэдагаваў час. «Детское чтение». Выступаў за ўсеагульную пач. адукацыю і распаўсюджванне пісьменнасці ў народзе. Распрацаваў методыкі выкладання рус. мовы і геаграфіі. Аўтар першых рус. наглядных дапаможнікаў для гімназій «Свет у карцінках» (1866), «Дар слова» (1868), геагр. хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (т. 1—6, 1864—69) і шэрагу прац па гісторыі адукацыі.
Тв.:
Избр. пед. соч. М., 1953.
Літ.:
Макаев В.В. Жизнь и педагогическая деятельность Д.Д.Семенова. Тбилиси, 1956.
І.М.Шаруха.
т. 15, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)