МРО́ЧАК (Жорж Адамавіч) (н. 6.4.1937, в.Рагозіна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1997). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1960), БПІ (1964). З 1969 у Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі (у 1979—90 нам. дырэктара). Навук. працы па электрафіз. і электрахім. спосабах апрацоўкі матэрыялаў, плазменна-вакуумных метадах асаджэння пакрыццяў, ахове матэрыялаў ад карозіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Обработка износостойких покрытий. Мн., 1997 (у сааўт.);

Вакуумно-плазменные способы формирования защитных и упрочняющих покрытий. Мн., 1998 (разам з В.​А.​Емяльянавым, І.​А.​Івановым).

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Станіслаў Мамертавіч) (13.6.1899, б. в. Шкіндзераўка, Мінскі р-н — 17.2.1972),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1924 саліст-цымбаліст БДТ (часта іграў у ансамблі з І.Жыновічам), з 1926 — БДТ-2. У 1933—58 (з перапынкам) артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі. Яго ігра вызначалася тэхн. майстэрствам, мяккім меладычным гукам. У 1928—58 выступаў у дуэце з Х.Шмелькіным, артыстызм, веданне імі бел. муз. фальклору далі магчымасць шырока выкарыстоўваць дуэт для афармлення муз. перадач на радыё, акампанементу вядучым спевакам. Першы з бел. цымбалістаў гастраліраваў за мяжой (1927—28, Германія, Швецыя, разам з Л.​Александроўскай).

Дз.​М.​Жураўлёў.

С.М.Навіцкі.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.​Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.​Сапегу, П.​Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.​Аляхновіча і А.​Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),

палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 22.2.1965, г. Табольск, Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. майстар спорту Беларусі (1992). Скончыў Табольскі пед. ін-т (1994). З 1998 гал. трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па біятлоне, з 1999 — гал. трэнер нац. зборнай каманды. Чэмпіён XV зімовых Алімп. гульняў (1988, г. Калгары, Канада) і сярэбраны прызёр XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) у эстафетах 4∙7,5 км. Чэмпіён свету (1989, 1992, 1996, 1997), сярэбраны (1987, 1989, 1991) і бронз. (1995, 1996) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1995), сярэбраны (1995, 1996, 1998) і бронз. (1996, 1998) прызёр.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РЫ (лац paters scholarum piarum айцы набожных школ),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў 1597 ісп. святаром Іосіфам (Хасэ) Каласанцам, у 1621 зацверджаны рымскім папам Грыгорыем XV. На чале ордэна стаялі — генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты. Мэтай П. было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі школ і калегіумаў, а не паліт. ці місіянерская дзейнасць. У Польшчы П. з’явіліся ў 1642 і ў хуткім часе пашырылі сваю дзейнасць на тэр. ВКЛ. На Беларусі калегіумы П. існавалі ў Драгічыне, Лідзе, існавалі і піярскія школы. Пасля ўключэння Беларусі ў склад Рас. імперыі (канец 18 ст.) П. паступова спынілі сваю дзейнасць.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІНА (Наталля Іванаўна) (н. 1.9.1951, Мінск),

бел. вучоны ў галіне антрапалогіі. Канд. мед. н. (1989). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1975). З 1978 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Навук. працы па морфафункцыян. асаблівасцях арганізма дзяцей і падлеткаў, асн. тэндэнцыях у фіз. развіцці падрастаючага пакалення ў сувязі з сучаснай экалагічнай сітуацыяй. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Детский организм и среда: Формирование физ. типа в разных геохим. регионах БССР. Мн., 1989 (разам з І.​І.​Салівон, В.​У.​Марфінай);

Экологические изменения и биокультурная адаптация человека. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА,

вялікі масіў густога, цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў. Паняцце «П.» ўжываецца пераважна ў дачыненні да лясных масіваў зах. ч. Беларусі, Польшчы, ПдУ Літвы, Латвіі. На Беларусі вядомы ў Гродзенскай (Аўгустоўская, Графская, Гродзенская, Катранская, Ліпічанская, Свіслацкая П.), Брэсцкай (Белавежская пушча, Ружанская, Шарашоўская П.), Мінскай (Налібоцкая П.) і Віцебскай (Старая, Цёмная, Галубіцкая П.) абласцях. У П. захаваліся унікальныя прыродныя комплексы з багатай флорай і фаунай, на аснове большасці з іх створаны ахоўныя прыродныя тэр.: нац. парк Белавежская пушча, заказнікі (Аўгустоўская, Галубіцкая, Графская, Катранская, Ліпічанская, Налібоцкая П.).

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ (Усевалад Анатолевіч) (6.6.1926, г. Віцебск — 5.8.1999),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі і экалогіі. Сын Радкевіча А.І. Д-р біял. н. (1971), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1954) і працаваў у ім (у 1962—68 дэкан, у 1970—74 прарэктар, у 1973—86 заг. кафедры і праблемнай н.-д. лабараторыі). Навук. працы па энтамалогіі, ахове раслін ад шкоднікаў, агульнай экалогіі, ахове прыроды, акліматызацыі і селекцыі дубовага шаўкапрада ў Беларусі, методыцы выкладання біялогіі.

Тв.:

Кольчатый шелкопряд. Мн., 1970 (разам з Т.​М.​Раменка);

Экология листогрызущих насекомых. Мн., 1980;

Экология. 3 изд. Мн. 1997.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)