расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус.пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТШМІТ ((Gutschmidt) Карл) (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),
нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СІНДЖЭР ((Kissinger) Генры Альфрэд) (н. 27.5.1923, г. Фюрт, Германія),
дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат, палітолаг. Д-р філасофіі (1954). У 1938 з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1951—69). Адначасова кансультант па знешнепаліт. і ваен.-паліт. праблемах Аб’яднанага к-та начальнікаў штабоў (1956—60), Савета нац. бяспекі ЗША (1961—62), Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраенні ЗША (1961—68), дзярж. дэпартамента ЗША (1965—69). У 1969—75 пам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. У 1973—77 дзярж. сакратар ЗША. Садзейнічаў спыненню вайны ЗША у В’етнаме 1964—73. З 1977 выкладчык Джорджтаўнскага ун-та ў Вашынгтоне, навук. супрацоўнік Гуманітарных даследаванняў Аспена інстытута, кансультант па знешнепаліт. пытаннях шэрагу карпарацый і н.-д. цэнтраў ЗША. З 1983 кіраўнік Нац. двухпарт. камісіі па Цэнтр. Амерыцы. Аўтар кніг «Ядзерная зброя і знешняя палітыка» (1956), «Патрывожанае партнёрства: пераацэнка Атлантычнага саюза» (1965), «Гады ў Белым доме» (1979), «Гады зрухаў» (1982) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Ле Дык Тхо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖНЕЎ (Леанід Ільіч) (19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял.Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦККПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦККПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыкаразрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр.палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.