ПАЛІКРА́Т (Polykratēs; ? — каля 522 да н.э.),

старажытнагрэчаскі тыран в-ва Самас [каля 540 — каля 522 да н.э.]. З дапамогай братоў авалодаў в-вам Самас, дамогся яго паліт. аб’яднання, увёў замест родавых тэрытарыяльныя філы. Праводзіў палітыку ў інтарэсах гандл.-рамесніцкіх слаёў дэмасу. Пры ім пабудаваны мол і хвалярэзы ў гавані, водаправод, храм багіні Геры. У барацьбе з гарадамі М. Азіі і астравамі Эгейскага м. за гандл. шляхі стварыў моцны флот і ўсталяваў сваю гегемонію над усім Эгейскім морам. Збіраў творы мастацтва, рукапісы; пры яго двары жылі паэты Анакрэонт і Івік, урач Дэмакед, філосаф Піфагор. Палітыка П. выклікала супраціўленне родавай арыстакратыі, якая ў саюзе са Спартай і Карынфам падняла супраць яго паўстанне. Забіты паводле загаду Ахеменідаў. П. прысвечана балада Ф.​Шылера «Пярсцёнак Палікрата».

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)