БУ́НГЕ Мікалай Хрысціянавіч
(23.11.1823, Кіеў — 15.6.1895),
рускі дзярж. дзеяч, вучоны-эканаміст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), д-р паліт. н. (1850), праф. (1852). Скончыў Кіеўскі ун-т (1845), выкладаў у ім. З 1881 міністр фінансаў, адначасова чл. Дзярж. савета. З 1887 старшыня Кабінета міністраў. Быў прыхільнікам лібералізму. Выступаў за развіццё прыватнай уласнасці, прадпрымальніцтва, канкурэнцыі. У «Нарысах палітыка-эканамічнай літаратуры» (1895) крытычна прааналізаваў сацыяліст. тэорыі Р.Оўэна, Ш.Фур’е, А.Сен-Сімона, П.Прудона і «Капітал» К.Маркса. У 1850—70-я г. распрацаваў праграму сац.-эканам. рэформаў: развіццё прыватнай сялянскай зямельнай уласнасці і перасяленчага руху, стварэнне рабочых саюзаў, прыцягненне рабочых да прадстаўніцтва ў партыях і інш. Пры Бунге прыняты законы аб абавязковым выкупе (1881), замене аброчнага падатку з дзярж. сялян выкупнымі плацяжамі (1886), створаны Сялянскі банк (1882), праведзены падатковыя рэформы.
т. 3, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)