МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),

метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.

Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.

У замежнай практыцы буд-ва М., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б. сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.

Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл. Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш. Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.

Літ.:

Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;

Тоннели и метрополитены. М., 1989.

С.​Л.​Сергачоў (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка.

Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.​Шчусеў і інш.
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.​Пірагоў, А.​Зензін, маст. В.​Чурыла, С.​Сакалоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,

адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.​Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта Скорасць ветру, м/с Характарыстыка ветру
0 0—0,2 Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1 0,3—1,5 Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2 1,6—3,3 Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3 3,4—5,4 Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4 5,5—7,9 Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5 8—10,7 Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6 10,8—13,8 Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7 13,9—17,1 Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8 17,2—20,7 Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9 20,8—24,4 Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10 24,5—28,4 Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11 28,5—32,6 Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12 больш за 32,7 Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.​Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x_. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_______ , x ↓ y = x ⋁ y_______ , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ЛУБКА,

часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.

Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.

Апалубка: а — разборна-перастаўная; б — гарызантальна перасоўная (1 — шчыт; 2 — падтрымнае прыстасаванне; 3 — цялежка; 4 — каток).
Слізгальная апалубка (фрагмент): 1 — дамкратны стрыжань; 2 — гідраўлічны дамкрат; 3 — дамкратная рама; 4 — рабочы насціл; 5 — каркас рабочага насцілу; 6 — шчыт апалубкі; 7 — унутраныя падвесныя рыштаванні; 8 — вонкавыя падвесныя рыштаванні; 9 — казырок па вонкавым перыметры апалубкі.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, мікозы,

інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.​В.​Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,

умоўныя абазначэнні (сімвалы), якімі карыстаюцца для запісу матэм. паняццяў, суадносін, выкладак і ніш. Напр., выраз «лік тры большы за лік два» з дапамогай З.м. запісваецца як 3 > 2.

Развіццё матэм. сімволікі цесна звязана з агульным развіццём паняццяў і метадаў матэматыкі. Першымі З.м. былі лічбы — знакі для абазначэння лікаў; мяркуюць, што яны папярэднічалі ўзнікненню пісьменнасці. З.м. для абазначэння адвольных велічынь з’явіліся 5—4 ст. да н.э. ў Грэцыі. Напр., плошчы, аб’ёмы, вуглы адлюстроўваліся адрэзкамі, а здабыткі велічынь — прамавугольнікамі, пабудаванымі на такіх адрэзках. У «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.) велічыні абазначаюцца дзвюма літарамі — пачатковай і канцавой літарамі адпаведнага адрэзка, а часам і адной. Пачаткі літарнага абазначэння і злічэння ўзніклі ў познаэліністычную эпоху (Дыяфант; верагодна 3 ст.) пры вызваленні алгебры ад геам. формы. Сучасная алг. сімволіка створана ў 14—17 ст.; яе развіццё і ўдасканаленне спрыяла ўзнікненню новых раздзелаў матэматыкі (гл. напр., Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Тэнзарнае злічэнне) і матэм. логікі (Алгебра логікі).

А.​А.​Гусак.

Асноўныя матэматычныя знакі
Знак Значэнне Кім і калі ўведзены
Знакі індывідуальных аперацый адносін, аб’ектаў
+ складанне Я.​Відман, 1489
− адніманне
× множанне У.​Оўтрэд, 1631
∙ множанне Г.​Лейбніц, 1698
: дзяленне Г.​Лейбніц, 1684
an ступень Р.​Дэкарт, 1637
na корань (радыкал) А.​Жырар, 1629
log лагарыфм Б.​Кавальеры, 1632
sin, cos сінус, косінус Л.​Эйлер, 1748
tg тангенс Л.​Эйлер, 1753
dx, d​2x, ... дыферэнцыял Г.​Лейбніц, 1675
∫y   dxy інтэграл
lim ліміт У.​Гамільтан, 1853
= роўнасць Р.​Рэкард, 1557
>< больш, менш Т.​Гарыёт, 1631
∥ паралельнасць У.​Оўтрэд, 1677
∞ бесканечнасць Дж.​Валіс, 1655
e аснова натуральных лагарыфмаў Л.​Эйлер, 1736
π адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра
i уяўная адзінка −1 Л.​Эйлер, 1777
i→, j→, k→ адзінкавыя вектары У.​Гамільтан, 1853
f(x) Знакі пераменных аперацый і аб’ектаў функцыя Л.​Эйлер, 1734
x, y, z невядомыя (пераменныя) Р.​Дэкарт, 1637
a, b, c адвольныя пастаянныя
r→ вектар А.​Кашы, 1853

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),

перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.

І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.

На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.

А.​А.​Ярашэвіч.

Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.​Міхайлаў, Д.​Залатароў і інш. 1683—86.
Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.
Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.

Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар. т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.

На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.​Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.​Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.​Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.​Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.​Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, камедыі «Несцерка» В.​Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.

2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.

Літ.:

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979.

А.​К.​Саннікаў, А.​А.​Семяновіч.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)