СНА́ЙПЕР (англ. sniper ад snipe страляць з укрыцця),
стралок, які валодае майстэрствам трапнай стральбы, маскіроўкі і назірання. Дзейнічае са спец. падрыхтаванай пазіцыі, выкарыстоўвае аптычныя прыцэлы (гл. Снайперская вінтоўка).
Упершыню С. з’явіліся ў англ. арміі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18, масава выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Ва Узбр. Сілах СССР у 1941—45 ствараліся спец. курсы, зборы, снайперскія школы, у т. л. Цэнтр. жаночая школа снайперскай падрыхтоўкі, і інш. Для заахвочвання лепшых С. у маі 1942 устаноўлены нагрудны знак «Снайпер». Многія С. сталі Героямі Сав. Саюза, у т. л. беларус Ф.А.Смалячкоў.
У наш час падрыхтоўку С. ажыццяўляюць ва ўзбр. сілах і спец. службах многіх дзяржаў, у т. л. ў Беларусі. С. выконваюць задачы па знішчэнні важных адзіночных цэляў, нізкалётных самалётаў, верталётаў і інш. (у выключных выпадках выкарыстоўваюцца для знішчэння тэрарыстаў, рэцыдывістаў і інш. злачынцаў, якія пагражаюць жыццю грамадзян, у т. л. заложнікаў). Часам С. наз. трапных стралкоў у артылерыі, танк. войсках, авіяцыі і інш.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)