УЛАДЗІ́МІР,
імя 2 пінскіх князёў 13 ст., якія часам атаясамліваюцца. 1) Князь пінскі ў пач. 13 ст. Магчыма, сын тураўскага кн. Святаполка Юр’евіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1204 (сапраўдная дата падзей 1208), калі белзскі кн. Аляксандр Усеваладавіч захапіў Уладзімір-Валынскі, «тогда же яша Володимера Пиньскаго». Далейшы лёс паланёнага У. невядомы. Верагодна, яго сынам быў пінскі кн. Расціслаў.
2) Князь пінскі ў 1220-я г. Верагодна, сын пінскага кн. Расціслава. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч адабраў у Расціслава Чартарыйск і захапіў у палон яго дзяцей, верагодна, і У. У 1229, калі Даніла Раманавіч пайшоў у паход на Кракаў, то «остависта же в Берестии Володимера Пиньского, и оугровьчаны, и берестьяны стеречи земле отъ ятьвязь». З Бярэсця У. разам з берасцянамі пайшоў на яцвягаў і разбіў іх. Сынамі У. былі Фёдар, Дзямід і Юрый (?—1262), што княжылі ў Пінску ў 1262, — апошнія вядомыя пінскія князі з дынастыі Ізяславічаў.
т. 16, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)