СЛЮ́ДЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа слаістых сілікатаў. Хім. састаў зменлівы, агульная формула XY2−3 Z(AL)0−2 Z(Si)2−4 O10(OH, F)2, дзе X — калій, натрый, кальцый; Y — алюміній, магній, жалеза (Fe2+), марганец, хром, літый, тытан, Z — крэмній, алюміній, жалеза (Fe3+), тытан (гл. Сілікаты прыродныя). Паводле саставу адрозніваюць С. магнезіяльна-жалезістыя (біятыт, лепідамілан, флагапіт), алюмініевыя (мускавіт, параганіт) і літыевыя (лепідаліт, цынвальдыт). Крышталізуюцца ў манакліннай сінганіі.
Утвараюць крышталі таблітчастыя, ліставатыя і лускаватыя масы. Афарбоўка светлая, бясколерная, з фіялетавымі, зялёнымі, бурымі адценнямі да чорнай. У тонкіх пласцінках празрыстыя. Цв. 2—4,5. Шчыльн. 2,3—3,3 г/см³. С. характэрны вельмі дасканалая спайнасць, высокія электра-, цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці. Паходжанне магматычнае, пегматытавае, метамарфічнае, метасаматычнае і інш. Пры выветрыванні ператвараюцца ў гідраслюды, потым у каалін і хларыты. Выкарыстоўваюцца ў электра-, радыё- і авіяпрамысловасці; літыевыя С. — руда на літый, часам рубідый і цэзій. Радовішчы ў Расіі, Індыі, ЗША, Канадзе, Бразіліі і інш.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)