ГАЛА́Н (Яраслаў Аляксандравіч) (27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),
украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв.падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.Сапрыка.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;
Бел.пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;
Рус.Пер. — Избранное. М., 1985;
Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.
Літ.:
Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕР, Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).
Літ.:
Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБРО́ВІЧ ((Gombrowicz) Вітольд) (4.8.1904, Малашыцы, каля г. Апатаў, Польшча — 25.7.1969),
польскі пісьменнік, драматург. Юрыст па адукацыі. У 1939—63 жыў у Аргенціне, з 1964 — у Францыі. Працягваў традыцыі польск. сатыры. Аўтар зб. апавяданняў «Дзённік часоў сталення» (1933), аповесцей «Фердыдурке» (1938), «Парнаграфія» (1960), «Космас» (1965), рамана «Транс-Атлантык» (1953), скіраваных супраць крывадушнасці і фальшу, што прыкрываюцца нормамі маралі, канфармізму, стандартызацыі ў матэрыяльным і духоўным жыцці. Яго творам уласцівы абсурдысцкая манера апавядання, заснаваная на літ. гульні і вытанчанай тэхніцы пісьма, спалучэнне сатыры, гумару і фантастыкі. У п’есах «Вянчанне» (1953), «Аперэтка» (1966) разглядаў праблемы адносін паміж людзьмі, уплыў на псіхіку дэструктыўных сац. з’яў. Выдаў «Дзённік. 1953—66» (т. 1—3, 1957—66).
Тв.:
Dzieła. Т. 1—9. Kraków, 1986—95;
Рус.пер. — Преднамеренное убийство: Рассказы. М., 1991;
Транс-Атлантик. М., 1994;
Порнография. М., 1994.
Літ.:
Медведева О.Р. Диалог: Философия и поэтика (М.Бубер и В.Гомбрович) // История культуры и поэтика. М., 1994;
Jarzębski J. Gra w Gombrowicza. Warsczawa, 1982;
Błonski J. Forma, śmiech i rzecy ostateczne: Studia o Gombrowiczu. Kraków, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел.пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаў Паўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),
рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял.Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел.пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛІЯ (Дзмітрый Іосіфавіч) (21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),
абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх.тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1974—76.
Літ.:
Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),
французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.