ГЛІ́НКА Фёдар Мікалаевіч

(19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),

рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт. элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.П.Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.

Тв.:

Соч. М., 1986.

Літ.:

Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)