ШО́У (Shaw) Ірвін (27.2.1913, Нью-Йорк — 16.5.1984),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Бруклінскі каледж (1934). У ранніх творах тэмы фашызму, 2-й сусв. вайны, у пазнейшых — пасляваен. амер. і зах.-еўрап. рэчаіснасць. Звяртаўся да праблем «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі», сям’і і грамадства, самасцвярджэння асобы і яе індывід. адказнасці, лёсу мастацтва ва ўмовах камерцыялізацыі культуры. Аўтар п’ес «Пахавайце мёртвых» (1936), «Простыя людзі» (1939), «Забойца» (1944), раманаў «Маладыя львы» (1948), «Трывожная атмасфера» (1950), «Вечар у Візантыі» (1973), «Хлеб па водах» (1981), «Успамін страты» (1982), дылогіі «Багач, бядняк» (1970) і «Жабрак, злодзей» (1977), кніг апавяданняў, публіцыстыкі, кінасцэнарыяў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю інтрыгі, напружанасцю сюжэта, псіхалагізмам, дакладнасцю рэалій.
Тв.:
Рус. пер. — Солнечные берега реки Леты. М., 1969;
Богач, бедняк;
Нищий, вор. М., 1986.
Літ.:
Белов С. Ирвин Шоу: профессия — беллетрист // Иностр. лит. 1983. № 6.
Е.А.Лявонава.
т. 17, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)