РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),
французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.Глейра, дзе зблізіўся з К.Манэ, А.Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Імпрэсіянізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на крайнім У Расійскай Федэрацыі, на а-вах Сахалін, Курыльскіх, Манерон, Цюленевы і інш. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Утворана 20.10.1932. Пл. 87,1 тыс.км². Нас. 599 тыс.чал. (2000), гарадскога 86%. Цэнтр — Южна-Сахалінск. Найб. гарады: Холмск, Карсакаў, Аха, Паранайск. Прыроду гл. ў арт.Сахалін і Курыльскія астравы.
У гаспадарцы вядучае месца належыць прам-сці (60% сукупнага прадукту). Гал. галіна прам-сці — рыбная (32% валавой прадукцыі) прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай рыбы (ласось, селядзец, сайра, камбала, мінтай, скумбрыя, траска і інш.), крабаў, крэветак, малюскаў, кальмара, водарасцей; улоў рыбы і морапрадуктаў 507 тыс.т, выраблена 367,3 тыс.тхарч. рыбных прадуктаў (1999). Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты (1,7 млн.т, 1999; запасы — 36,5 млн.т), газу (1,8 млрд.м³; 56,5 млрд.м³), каменнага і бурага вугалю (2,5 млн.т; 20 млрд.т), торфу, вытв-сць электраэнергіі (2,5 млрд.кВт∙гадз). Асн. цэнтры здабычы нафты і газу — Аха, Тунгор; вугалю — Паранайск, Вуглягорск, Шахцёрск, торфу — Тым-Паранайская нізіна. Сахалінская ДРЭС, Южна-Сахалінская ЦЭЦ-1, Ахінская ЦЭЦ; на в-ве Кунашыр першая геатэрмальная эл. станцыя. Развіты лесанарыхтоўка, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць кардону, цэлюлозы, паперы, дзелавой драўніны, піламатэрыялаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (рамонт абсталявання, вытв-сць металавырабаў, суднабудаванне і суднарамонт), лёгкая і харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пад пасяўнымі пл. 41,6 тыс.га. Пераважае ачаговая прыгарадная сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Зверагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Паляўнічы промысел. Рыбагадоўля (пераважна ласасёвыя). Збор ягад і раслін. Даўж. чыгункі 957 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1808 км. Паромная чыг. пераправа Холмск—Ваніна і Карсакаў—Ваканай (Японія). Марскі транспарт. Гал. парты: Холмск, Карсакаў, Невельск, Вуглягорск, Аляксандраўск-Сахалінскі, Маскальво. Аэрапорт у г. Южна-Сахалінск. Нафта- і газаправод Аха—Камсамольск-на-Амуры. Бальнеалагічныя курорты: Сінягорскія мінер. воды (г. Южна-Сахалінск) і Гарачы Пляж (в-аў Кунашыр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛО́,
1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.
2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.
помнік усх.-слав. летапісання, першы агульнарус. летапісны звод. Складзены на пач. 12 ст., відаць, манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Збераглася ў розных летапісных зводах (Лаўрэнцьеўскі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс і інш.), у скарочанай рэдакцыі — у шматлікіх гіст. зборніках і хранаграфічных кампіляцыях. Асн. змест твора — паліт. гісторыя ўсх. славян, Кіеўскай дзяржавы, пададзеная на шырокім міжнар. фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Ва ўступнай, недатаванай частцы, напісанай у форме гіст. аповесці пра далёкае мінулае. Расіі, гаворыцца пра паходжанне славян, рассяленне ўсх.-слав. плямёнаў, іх норавы і звычаі, пра ўзнікненне Кіева, першых кіеўскіх князёў. На аснове фальклорнай традыцыі апісваюцца падзеі 9—10 ст. (у т. л. паданне пра запрашэнне варагаў на Русь, якое лягло ў аснову т.зв.нарманскай тэорыі), намаляваны вобразы стараж.-рус. князёў Алега, Ігара, Святаслава, княгіні Вольгі. У датаванай частцы летапісу храналагічна ў пагадовай форме выкладзена гісторыя Русі ад першай звесткі, пазначанай 852, і да 1110 уключна, адлюстравана эпоха барацьбы ўсх. славян за сваю свабоду і незалежнасць. Значнае месца займаюць звесткі па гісторыі рус. царквы, пра хрышчэнне Русі. Крыніцамі для зводу паслужылі папярэднія кіеўскія і візант. летапісы, хронікі, жыціі і дакумент. матэрыялы, Біблія. Складальнік летапісу быў аўтарам шырокага кругагляду і вял. пісьменніцкага таленту. Багатая па змесце і арыгінальная па форме «Аповесць мінулых гадоў» — каштоўная крыніца пазнання жыцця продкаў рус., бел. і ўкр. народаў. Летапіс змяшчае унікальныя звесткі з гісторыі бел. зямель, асабліва Полацкага княства. Толькі ў «Аповесці...» расказваецца пра полацкага кн. 10 ст. Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Выкладзена падрабязная гісторыя жыцця і дзейнасці кн. Усяслава Брачыславіча. У летапісе прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацк, Віцебск, Мінск, Тураў, Пінск, Бярэсце, Друцк і інш.бел. гарады. У скарочаным выглядзе (запісы пра падзеі 854—1074) «Аповесць мінулых гадоў» увайшла ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 1—2. М., 1962.
Літ.:
Шахматов А.А. Разыскания о древнейших русских летописных сводах. Спб., 1908;
Яго ж. Повесть временных лет. Т. 1. Пг., 1916;
Лихачев Д.С. Русские летописи и их культурно-историческое значение. М.; Л., 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ ((Bach) Іаган Себасцьян) (21.3.1685, г. Айзенах, Германія — 28.7.1750),
нямецкі кампазітар, арганіст, клавесініст. Адзін з найб. вядомых прадстаўнікоў сусв.гуманіст. культуры. З сям’і патомных музыкантаў. Служыў арганістам і капельмайстрам у невял. правінцыяльных гарадах, потым у Веймары, Кётэне і Лейпцыгу. Творчасць Баха, музыканта-універсала, вылучаецца ўсёабдымнасцю муз. жанраў (акрамя оперы). Яна абагульніла дасягненні муз. мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму. У сваёй творчасці Бах спалучыў традыцыі пратэстанцкага харала з традыцыямі аўстр., італьян. і франц.муз. школ. Музыка Баха адметная адзінствам поліфанічнага і гамафоннага, вак. і інструментальнага мыслення, глыбокім узаемапранікненнем розных жанраў і стыляў. Вядучы жанр яго вак.-інстр. творчасці — духоўная кантата (5 гадавых цыклаў; усяго каля 300). Свецкія кантаты (усяго 24) падрыхтавалі зінгшпіль — ням. разнавіднасць камічнай оперы. Выпрацаваныя ў кантатах драматургічныя прынцыпы ўвасоблены ў месах, магніфікатах, «Страсцях» («Пакутах»), іх кульмінацыя — «Высокая» меса сі-мінор, «Страсці па Іаану» і «Страсці па Матфею». У яго інстр. творчасці цэнтр.месца належыць арганнай музыцы. Спалучыўшы вопыт арганнай імправізацыі, разнастайныя варыяцыйныя і поліфанічныя прыёмы папярэднікаў (Дз.Букстэхудэ, І.Пахельбеля і інш.), Бах пераасэнсаваў і абнавіў жанры такаты, фантазіі, пасакаллі, харальнай прэлюдыі. Сярод яго клавірных твораў найб. значэнне мае «Добра тэмпераваны клавір» у 2 тамах (1722, 1744; у кожным — 24 прэлюдыі і фугі ва ўсіх мажорных і мінорных танальнасцях) — першая ў гісторыі музыкі спроба маст. выкарыстання тэмпераванага строю (гл.Тэмперацыя). Створаныя ў фугах клавіра ўзоры кантрапунктычнага майстэрства прадоўжаны і закончаны ў «Мастацтве фугі» (1740—50). Музыка Баха для клавіра, скрыпкі, віяланчэлі, флейты, габоя, інстр. ансамбля, аркестра (санаты, сюіты, партыты, канцэрты) значна пашырыла выразныя і тэхн. магчымасці інструментаў, выявіла глыбокае веданне інструментаў і універсалізм у іх трактоўцы. Шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў для розных інстр. складаў, якія ўвасобілі жанравыя і кампазіц. прынцыпы concerto grosso, — важны этап на шляху да класічнай сімфоніі. Творчасць Баха паўплывала на ўсё наступнае развіццё еўрап.муз. культуры.
Літ.:
Форкель И.Н. О жизни, искусстве и о произведениях И.С.Баха: Пер. с нем. 2 изд. М., 1987;
Русская книга о Бахе: [Сб. ст.]. 2 изд. М., 1986;
Schulze H.J. Studien zur Bach-Überlieferung im 18. Jahrhundert. Leipzig;
Dresden, 1984;
Schwendowius B., W.J.S.Bach: Life, time, influence. New Haven;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,
адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр.месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл.Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.
Літ.:
Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗтэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р.Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс.км².
Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах.ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат.Радастаўскі і біял. Селяхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),
сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн.ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.
У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.
На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар.б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).
У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬ, Версай (Versailles),
горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс.ж. (1990). Харч. і маш.-буд.прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л.Версальскага мірнага дагавора 1919.
Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.Жырардон, А.Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаны арх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.А.Габрыэль, скульптар А.Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;
Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.
Да арт.Версаль. Зала вайны.Да арт.Версаль. Цэнтральны корпус палаца.Да арт.Версаль. Люстэркавая галерэя.