ФЕРЫМАГНЕТЫ́ЗМ [ад феры(т) + магнетызм],

магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферымагнетыка), у якім магнітныя моманты падрашотак крышталя ўзаемна не скампенсаваны, так што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-ры ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам адмоўнага абменнага ўзаемадзеяння.

Элементарныя магн. моманты іонаў ферымагнетыка ўтвараюць некалькі падсістэм — магн. падрашотак, магн. моманты іонаў кожнай з якіх паралельныя і таму намагнічанасць падрашоткі не роўная нулю. Магн. моманты іонаў розных падрашотак маюць антыпаралельную ці больш складаную (напр., трохвугольную) арыентацыю. Спантанная намагнічанасць рэчыва J роўная вектарнай суме намагнічанасцей усіх падрашотак. Розныя значэнні і тэмпературныя залежнасці намагнічанасцей розных падрашотак прыводзяць да больш складанай, чым у ферамагнетыка, залежнасці J ад т-ры: у некат. выпадках J = 0 не толькі ў пункце Кюры, а і пры больш нізкай т-ры — у пункце кампенсацыі, паблізу якога рэчыва мае асаблівыя ўласцівасці. Паводзіны ферымагнетыкаў пры J ≠ 0 у знешнім магн. полі аналагічныя паводзінам ферамагнетыкаў (існуе даменная структура, мае месца магнітнае насычэнне, магн. гістэрэзісу Назіраецца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферымагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферымагнітны парадак разбураецца і рэчыва пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду). Гл. таксама Магнітная структура.

Літ.:

Гл. да арт. Ферамагнетызм.

Р.​М.​Шахлевіч.

Да арт. Ферымагнетызм. Двухмерная мадэль двухпадрашотачнай ферымагнітнай структуры. Стрэлкамі паказаны напрамкі і велічыні атамных магнітных момантаў.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)