«ЧЫРВО́НЫЯ»,
дэмакратычная плынь у нац.-вызв. руху Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны напярэдадні і ў час паўстання 1863—64. У адрозненне ад «белых» імкнуліся вызваліцца ад царскага ярма шляхам узбр. паўстання; нац. вызваленне звязвалі з дэмакр. пераўтварэннямі. Асн. кантынгент «Ч.» — афіцэры, студэнты, дробныя чыноўнікі, рамеснікі, дробнамаянтковая і безмаянтковая шляхта. У ідэалаг. адносінах «Ч.» былі неаднародныя і падзяляліся на 2 крылы. Левае крыло — рэвалюцыянеры-дэмакраты, якія выступалі супраць памешчыцкага землеўладання, за правы народаў на самавызначэнне, за рэв. саюз народаў у барацьбе з самадзяржаўем. Паслядоўныя рэвалюцыянеры ў Польшчы Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі, І.Хмяленскі, Б.Шварцэ, на Беларусі — К.Каліноўскі, А.Трусаў, В.Урублеўскі; у Літве А.Мацкявічус, З.Серакоўскі. Правае крыло (лідэры А.Авейдэ, А.Гілер) — шляхецкія рэвалюцыянеры, якія выступалі з палавінчатай сац. і нац. праграмай: адстойвалі кампенсацыю памешчыкам за зямлю ў выпадку перадачы яе сялянам, вагаліся паміж прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на самаст. развіццё і патрабаваннем аднаўлення Польшчы ў межах 1772. Асобнае месца сярод іх займалі паслядоўнікі ген. Л.Мераслаўскага, якія прыкрывалі рэв. фразай шавінізм і нацыяналізм і адмоўна ставіліся да рэв. саюзу з рус. народам. Арганізац. цэнтры «Ч.»: у Польшчы — з кастр. 1861 Гарадскі к-т (К-т руху) У Варшаве, пазней Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве; на Беларусі і ў Літве — з восені 1861 — Камітэт руху ў Вільні, пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт.
Г.В.Кісялёў.
т. 17, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)