магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферамагнетыка), у якім большасць атамных магнітных момантаў паралельныя адзін аднаму так, што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-рах ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам дадатнага абменнага ўзаемадзеяння.
У адсутнасць знешняга магн. поля ўзаемаразмяшчэнне самаадвольна намагнічаных у розных напрамках даменаў (абласцей аднароднай намагнічанасці, на якія разбіты ферамагнетык) такое, што поўная намагнічанасць усяго крышталя роўная нулю. Знешняе магн. поле мяняе даменную структуру: зрушваюцца даменныя межы, вектары намагнічанасці даменаў арыентуюцца ў адным напрамку. З ростам поля намагнічанасць расце і дасягае магнітнага насычэння; пры перамагнічванні назіраецца магн.гістэрэзіс. Мае месца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферамагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферамагнітны парадак разбураецца і ферамагнетык пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду), у некат. выпадках — у антыферамагнітны. Гл. таксама Магнітная структура.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Тикадзуми С. Физика ферромагнетизма: Магнитные свойства вещества: Пер. с яп.М., 1983;
Яго ж. Физика ферромагнетизма: Магнитные характеристики и практич. применения: Пер. с яп.М., 1987;
Уайт Р.М. Квантовая теория магнетизма: Пер. с англ. 2 изд. М., 1985.
Р.М.Шахлевіч.
Да арт.Ферамагнетызм. Ферамагнітная калінеарная атамная структура гранецэнтраванай кубічнай рашоткі ніжэй пункта Кюры; стрэлкамі паказаны напрамкі атамных магнітных момантаў; Js — вектар сумарнай намагнічанасці.