УО́РЭН (Warren) Роберт Пэн (24.4.1905, Гатры, штат Кентукі, ЗША — 15.9.1989),

амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Скончыў ун-т у Вандэрбілце (1925), вучыўся ў Каліфарнійскім, Іельскім і Оксфардскім ун-тах. У 1934—73 выкладаў у Луізіянскім, Мінесоцкім, Іельскім ун-тах; адначасова ў 1935—42 працаваў у друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт і крытык, быў цесна звязаны з групай «новай крытыкі», якая асаблівую ўвагу аддавала аналізу стылю твора. Асн. тэма твораў — феномен амер. Поўдня. У раманах «Начны вершнік» (1939), «Перад брамай раю» (1943), «Хопіць часу і месца» (1951), «Пячора» (1959), «Патоп» (1964), «Прыйдзі ў зялёную даліну» (1971), «Прыстанішча» (1977) і інш. праблемы існавання чалавека ў святле цывілізацыйных працэсаў, заняпаду адвечных духоўных каштоўнасцей, мінуўшчыны і сучаснасці, расізму, карупцыі ў амер. грамадстве. Сусв. вядомасць прынёс раман «Уся каралеўская раць» (1946; экранізаваны ў 1949) пра палітыка-дэмагога. Аўтар паэт. зб-каў «36 паэм» (1935), «Абяцанні» (1957), «Быць на зямлі: Вершы 1977—1980 гг.» (1980) і інш., эсэ, шматлікіх літ. даследаванняў. Яго творы насычаны сімваламі, алегорыямі, алюзіямі, адметныя спалучэннем філасафічнасці з лірызмам.

Тв.:

Рус. пер. — Вся королевская рать: Роман;

Избр. стихотворения. М., 1982;

Потоп. М., 1994.

Літ.:

Мендельсон М.О. Современный американский роман. М., 1964;

Мулярчик А.С. Спор идет о человеке: О литературе США 2-й пол. XX в. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)