У́ПСАЛА (Uppsala),

горад у цэнтр. ч. Швецыі. Адм. цэнтр аднайм. лена. 185 тыс. ж. (2000). Маш.-буд., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Старэйшы ў краіне ун-т (1477), б-ка ун-та (1620). Батанічны сад (засн. ў 1741 К.Лінеем).

Першапачаткова наз. Эстра-Арас, было паселішчам, што знаходзілася за 5 км на Пн ад сучаснай У. (т.зв. Старая У.), якое згадваецца нарвежскімі скальдамі 9 ст. Тут знаходзіліся гал. язычніцкі храм і рэзідэнцыя конунгаў (ваен. правадыроў) свеяў, гал. рэліг. і паліт. цэнтр стараж. Швецыі. У канцы 11 ст. язычніцкі храм разбураны. З 1164 Старая У. стала рэзідэнцыяй архібіскупа, пасля пажару 1245 заняпала. У 1273 тут зноў размясцілася рэзідэнцыя архібіскупа. З 1280 сучасная назва. Да 1719 У. — месца каранацыі швед. каралёў і найважнейшых дзярж. сходаў. У 14—18 ст. буйны гандл. цэнтр, дзе праводзіліся агульнашвед. кірмашы.

Захаваўся Стары горад з грамадскім цэнтрам (1643—1702), ратушай і 4 вуліцамі. Сярод помнікаў: гатычны сабор (1258—1435, арх. Эцьен з Бонёй; самы вялікі ў Скандынавіі) — трохнефавая базіліка з пахавальнямі караля Густава I Вазы, Лінея, філосафа Э.​Сведэнбарга і інш.; замак (1540 — пасля 1600), біскупскі палац (т.зв. Густавіянум; перабудаваны ў 17 ст.). Вылучаюцца будынкі ун-та (1887), студэнцкай асацыяцыі (1963—65, арх. А.​Аалта). Музеі: скансэн, вышыўкі, гар. маст., маст. збор ун-та, дом-музей Лінея.

Панарама Упсалы.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)