Ёлап ’неўрадлівая пясчаная глеба’ (Нар. сл.), магчыма, да ёлуп (гл.). Тады ўтворана таксама з *о‑луп. Параўн. лупняк ’сланец, патрэсканая глеба’, лупа ’струп’.
Ёлка (Кіс., Шат., Касп., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., БРС) ’ёлка, Picea excelsa Link’ (гл. таксама яліна) узводзіцца да *edlъka, edlь. Формы з ‑ъка‑суфіксацыяй маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя. Прасл. edlь, edla маюць рэфліксацыі ва ўсіх слав. мовах і дакладныя паралелі (для прасл. edla) у балт.: ст.-прус. addle, літ. ẽglė, лат. egle (Трубачоў, Эт. сл. 6, 14–15).
Ёлкасць ’горыч’ (Янк. III, Яруш.), рэгулярна да ёлкі (гл.).
Ёлкі ’ёлкі, горкі’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Янк. II, Янк. Мат., Гарэц., Яруш.). Укр. ілкий, рус. ёлкий, польск. jełki, iłki ’тс’. Аднак паралелі не абмяжоўваюцца ўсх.-слав. і, магчыма, польск. моўнай тэрыторыяй. Махэк₂ (729) выводзіць чэш. žluknouti ’прагоркнуць’ з *jьzjьlъk‑nǫti, а Гадравіц (ZfS, VII, 1962, 651–652) сюды ж адносіць серб.-харв. žlkak, славен. žolhek ’горкі, ёлкі’. Такім чынам, слова мае рысы праславянскага ўтварэння, можа быць рэканструявана, як еlъkъ < еlъ (й — аснова) + рэгулярная для гэтай асновы ‑къ‑суфіксацыя; еlъ у сваю чаргу ад оlъ (балта-слав. назва піва) (Трубачоў, Эт. сл., 6, 22).
Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).
Ёлупень ’дурань, асталоп’ (Бяльк., БРС, ТСБМ, Бір. Дзярж., ТС) да папярэдняга. Рэгулярная словаўтваральная мадэль. Параўн. вязень < увязаць. Абсалютная большасць такіх імён аддзеяслоўнага паходжання (SP, 1, 138), што таксама пацвярджае апошнюю этымалогію ёлуп.