Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Ёлка (Кіс., Шат., Касп., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., БРС) ’ёлка, Picea excelsa Link’ (гл. таксама яліна) узводзіцца да *edlъka, edlь. Формы з ‑ъка‑суфіксацыяй маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя. Прасл. edlь, edla маюць рэфліксацыі ва ўсіх слав. мовах і дакладныя паралелі (для прасл. edla) у балт.: ст.-прус. addle, літ. ẽglė, лат. egle (Трубачоў, Эт. сл. 6, 14–15).

Ёлкасць ’горыч’ (Янк. III, Яруш.), рэгулярна да ёлкі (гл.).

Ёлкі ’ёлкі, горкі’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Янк. II, Янк. Мат., Гарэц., Яруш.). Укр. ілкий, рус. ёлкий, польск. jełki, iłki ’тс’. Аднак паралелі не абмяжоўваюцца ўсх.-слав. і, магчыма, польск. моўнай тэрыторыяй. Махэк₂ (729) выводзіць чэш. žluknouti ’прагоркнуць’ з *jьzjьlъk‑nǫti, а Гадравіц (ZfS, VII, 1962, 651–652) сюды ж адносіць серб.-харв. žlkak, славен. žolhek ’горкі, ёлкі’. Такім чынам, слова мае рысы праславянскага ўтварэння, можа быць рэканструявана, як еlъkъ < еlъ (й — аснова) + рэгулярная для гэтай асновы ‑къ‑суфіксацыя; еlъ у сваю чаргу ад оlъ (балта-слав. назва піва) (Трубачоў, Эт. сл., 6, 22).