Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Твой ’уласцівы табе, належна табе’, перан. ’муж, каханы’ (ТСБМ), ’уласцівы, належны табе’ (Нас., Бяльк., Ласт., Некр. і Байк., ТС), тву͡ой ’тс’ (Федар. 4, Вруб.), ст.-бел. твои ’тс’, сюды ж тво́йскі ’уласцівы, належны табе’, ’па-твойму’. Укр. твій, рус. твой, польск. twój, н.-луж. twój, в.-луж. twój, палаб. tüj, чэш. tvůj, славац. tvoj, славен. tvój, серб.-харв. тво̑ј, балг. твой, макед. твој, ст.-слав. твои. З прасл. *tvojь, звязанага з *ty ’ты’ (гл. ты) і роднаснага да ст.-інд. tvaḥ ’твой’, авест. θwa‑, грэч. σός (*tvos), лац. tuus (< tovos), прус. twais ’тс’, і ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *tu̯o‑ (Фасмер, 4, 33; ЕСУМ, 5, 532–533; Брукнер, 587; ESSJ SG, 2, 704).

Твор ’прадукт творчай працы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц.), твуор ’стварэнне; істота’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. твір ’прадукт творчай працы’, стараж.-рус. творъ ’выгляд’, польск. twór ’прадукт творчай працы’, ’стварэнне, жывая істота’, чэш., славац. tvor ’стварэнне; выраб’, славен. tvȏr ’утварэнне, нарыў’, серб.-харв. тво̑р ’пластыр з бялка на рану’, ст.-слав. творъ ’праца; чын’. Прасл. *tvorъ ’стварэнне, фармаванне, вытворчасць’, аддзеяслоўны назоўнік ад *tvoriti (гл. тварыць1), першапачаткова назва працэсу з наступнай канкрэтызацыяй (Борысь, 657; Бязлай, 3, 253); інакш і менш верагодна *tvoriti ад *tvorъ/*tvarъ, гл. ЕСУМ, 5, 533.

Тво́раг. Гл. тваро́г.

Тво́рба́ ’прыманка для пчол’ (ТС). Гл. тварба.

Тво́рнік ’жарабец’ (мазыр., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’стаеннік’ (Сцяшк. Сл.). Скарочана з вытворнік ’самец, пакінуты на развод’ (гл.), што ад тварыц1 і калькуе рус. производи́тель ’тс’.

Тво́рны ў выразе: творны склон ’Instrumentalis’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Калька рус. твори́тельный (падеж) ’тс’: вынік “суфіксальнай дывергенцыі” з заменай суф. ‑тель суф. ‑ны, гл. Бідэр у Прыгодзічы, Герман Бідэр як даследчык беларускай мовы. Мінск, 2007, 45; фактычна — частковага калькавання.

Тво́рца ’тварэц’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. творца ’тс’. Запазычана з польск. twórca ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 160).

Тво́рчы ’стваральны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж тво́рчасць ’творчая дзейнасць’, ’сукупнасць створанага’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычана з польск. twórczy, twórczość ’тс’.