◎ Нум ’ну, давайце’: нум‑те‑тка, братцы, думати (гом., Рам. 1), нумо: нумо думати, гадати, де нам, сестра, мати узяти (там жа), укр. нум, нумо ’тс’. З ну (гл.), узмоцненага часціцай ‑м(о), таго ж паходжання, што і ў быццам (параўн. бытта), гл. ESSJ SG, 2, 507; 1, 321. Будзіловіч (Грам. особенности малорус, говора в Гродн. губ., рук.) супастаўляў нумо з дзеяслоўным канчаткам у диймо (пабуджальная форма).
Ну́мар (Яруш., ТСБМ), нумір (Бяльк.). Запазычана праз польск. numer, ням. Nummer з лац. numerus, першапачаткова са значэннем ’удзел, лік’, параўн. Кюнэ, Poln. 81. Праз рус. но́мер запазычана магіл. но́мір (гл. ныміра́, Бяльк.), спец. пра рус. слова гл. Сандлер, ЭИРЯ, 3, 20–26. Лац. numerus звязваюць з грэч. νέμω ’дзялю’, ст.-в.-ням. nēman ’узяць’ (Вальдэ-Гофман, 253, 538).