Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Многа, мно́го, драг. мны́го ’шмат; больш, чым патрэбна, лішне’, ’часта, значна’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ); а таксама ’многае, многія’ (ТСБМ). Ст.-бел. многый ’вялікі, істотны, сур’ёзны, моцны’, многые, многи (мн. л.) ’шматразовы, шматлікі’. Укр. мно́го, рус. мно́го, мно́гий, ст.-рус. много, многий, мъногый, польск. mnogo, mnogi, н.-луж. m(ł)ogi, чэш., славац. mnoho, mnohý, славен. mnógo, mnȏg, vnogo, серб.-харв. мно̑г, мно̏го, mnógo, mlogo, макед. многу, балг. много, ст.-слав. м(ъ)ного, м(ъ)ногъ, м(ъ)ножити. Прасл. mъnogo, mъnogъ, якое супастаўляецца з гоц. manags ’шматлікі’, ст.-в.-ням. manag ’іншы, некаторы’, ст.-ірл. menice ’часты, шматлікі’ (Фасмер, 2, 633–634). Насуперак шматлікім аўтарам Бязлай (2, 190) не адносіць сюды літ. minià ’натоўп’ і, як і Фасмер, адмаўляе герм. паходжанне прасл. лексем. Ён зыходзіць з і.-е. *men(e)gh‑/*mn̥gh‑: ст.-інд. *magha‑ ’падарунак’ (гл. Майргофер, 2, 546); Махэк₂ (370) яшчэ супастаўляе з лац. magnus, ст.-грэч. μέγασ ’вялікі’, хец. mekki ’шматлікі’.

Множнік ’лік, на які множыцца іншы лік’ (ТСБМ). З польск. mnożnik ’тс’, запазычанага ў 20‑я гады, а не калька з рус. множитель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Множыць ’павялічваць’, ’памнажаць адзін лік на другі’, множыцца ’размнажацца’, ’дабаўляцца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., ТС). Прасл. mъnoziti (). Да многа (гл.).

Мноства, мну͡оство, множства ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Нас.; беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-рус. множство, мъожьство, ст.-польск. mnożstwo, ст.-слав. мъножьство. Да многа (гл.). Не з’яўляецца запазычаннем з рус. мовы насуперак Крукоўскаму (Уплыў, 60).