Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́зыйд ’адыход’ (Байк. і Некр.), ’адыход наведвальнікаў’ (Нас.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі роз‑/раз‑ (гл.) і кораня дзеяслова ісці ў форме ‑ід (< прасл. *id‑ti ’ісці’), параўн. 1 ас. адз. л. цяпер. часу ід‑у < ісці (гл.). Аб пераходзе і > й пасля галосных гл. Карскі (1, 229). Не выключана, што ‑д магло ўзнікнуць у выніку ад’ідэацыі формы ‑ход‑ (як у прыходпрыйсці).

Ро́зыйск ’росшук’ (Нас., Юрч. Вытв.). Утворана ад іск ’пошук’ (вымаўлялася [йіск]) з далучэннем прыстаўкі роз‑/раз‑ (гл.). Ва ўтваральным *розйіск адбылася перастаноўка гукаў у групе йі > ій, а пры цвёрдай зычнай ‑зроз-) і перайшло ў ы. У іншых гаворках ‑й‑ выпала: ро́зыск (стол., валож., талач., ЛА, 1), але пасля прыстаўкі на галосны гук гэты ‑й‑ застаўся: по́іск [по́йіск], по́іска [по́йіска].

Розь ’адрозненне’, ’нязгода, сварка’, ’рознагалоссе, супярэчнасць’ (Нас.). З ⁺розьнь, параўн. ст.-рус. рознь ’адрозненне, розніца’, ’варожасць’, сюды ж розь ’асобна’ (Юрч. СНЛ) у прыкладзе-ілюстрацыі: ні дываў ёй грошы, розь елі, паходзіць з въ розьнь. Параўн. рус. дыял. розь ’розніца’, ’нязгода, сварка’. Да розны (гл.).

Ро́з- — прыстаўка, адпавядае раз- (гл.) у націскной пазіцыі, ст.-бел. роз — ужывалася не толькі пад націскам, але і не пад націскам: роздѣлохъ (1432), розсказуемъ (1497), розумети (1588). Паводле Карскага (1, 95), гэта супадае «с показаниями тех памятников древнерусского языка, на которых менее заметно церковнославянское влияние».

Ро́іла ’беспарадак, хаос’ (ТСБМ, Юрч., Стан.), ро́ілам ’у бязладдзі, беспарадку’ (Гарэц.), ро́йла ’непарадак’ (Бяльк., Мат. Маг., Растарг.; чавус., Нар. сл.; навазыбк., Пал.). Да ро́іць, раі́цца (гл.). Гэтае ўтварэнне з суф. ‑л‑ адрозніваецца ад шэрагу іншых (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 48–49) сваім адцягненым значэннем. Аналагічна ўтворана славен. rojílo ’рой, ’чарада, зграя’, ’натоўп’. Не выключана генетычная сувязь з ройка3, ройла (гл.).

Ро́іцца ’раіцца (пра пчол)’ (брасл., ваўк., Сл. ПЗБ), ро́іцца, роі́цца ’тс’, ’мітусіцца, мільгаць’ (ТС); укр. роїтися ’раіцца (пра пчол)’, роїтися в голові ’успамінацца’, рус. рои́ться, польск. roić się ’тс’, roić ’марыць, летуцець’, ’мроіць’, н.-луж. rojś se ’тс’, ’у мітусні імкнуцца наперад’, в.-луж. rojić so ’раіцца’, ’кішэць’, ’багацець’, чэш. rojiti se ’раіцца (пра пчол)’, ’таўчыся (пра машкару)’, ’тоўпіцца (пра людзей на вуліцы’, славац. rojiť sa ’тс’, ’раіцца (пра думкі чалавека ў галаве)’, славен. rojíti ’тс’, ’бадзяцца’, ’марыць’, серб. ро̀јити се, харв. ròjiti, макед. рои се, балг. роя ’сабраць у рой’, роя́ се ’раіцца’. Прасл. *rojiti sę, утворанае ад назоўніка *rojь > рой (гл.). Гл. таксама раі́цца. Сюды ж: ро́іцца ’здавацца, з’яўляцца, прыходзіць у галаву’ (Юрч.; бялын., Янк. Мат.; іўеў., Сцяшк. Сл.), ’трызніцца’ (Жд. 3), ’мроіцца, здавацца’, ’думацца’ (ТС), у выніку семантычнага пераносу ’роіцца’ > ’мітусіцца, кішэць’ > ’прыходзіць у галаву і да таго пад.’, а таксама ро́іць ’ляцець, валіць’ (ТС), семантыку якога можна знайсці яшчэ ў прасл. *rojíti, *rojь ці нават у і.-е. адпаведніках *roi(H)o‑, напрыклад, лац. rīvus ’ручай, струмень’ і інш. (гл. рой1).

Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Ро́йба, ст.-бел. ройба: ручъниковъ осмъсотъ жомойтъскихъ ройбъ чотырыста (Булыка, Запаз., 286). Гутшміт (ZfSl, 23, 675) прывязвае гэтае слова да літ. ráibas ’каляровы, плямісты, з рабаціннем’. Руце–Дравіня (ZfSl, 26, 555–557) мяркуе, аднак, што слова ўзыходзіць да лат. raîba або raibe ’каляровая накідка, каляровая хустка’, якое было пашырана па ўсёй Латвіі і пазней распаўсюдзілася ў Летуве.

Ро́йка1 (ру͡ойка) ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Грам.). Да рыць ’капаць’ (гл.). Гэтае насякомае рые ў глебе норы да падземных частак раслін.

Ро́йка2 ’рамонак, Matricaria L.’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, узыходзіць да польск. rojnik ’багун, Ledum palustre’, або да rojownik ’меліса, Melissa’. Названа паводле падабенства прыемнага паху, які прываблівае пчол.

Ро́йка3 асудж. ’жанчына з непрыбранымі, распушчанымі валасамі, проставалосая’ (міёр., З нар. сл.). Генетычна звязана з смал., зах.-бранск. ро́йда ’непарадак у хаце, з адзеннем’, ’бязладны, неахайны чалавек’, якое, відаць, узыходзіць да уграфінскай крыніцы, параўн. вепс. roida ’капаць, рыць, раскопваць’, ’зносіць (будынак)’, ’раскідваць’.

Ро́йла ’нязграбны, неакуратны чалавек’ (Юрч.), укр. дыял. ро̂йло ’бялізны, тоўсты, сыты, тлусты чалавек ці жывёла’ (Нікан.). Да папярэдняга слова ройка3 (гл.). Параўн. і ро́іла (гл.), усх.-бел. ро́йла ’непарадак’ (Яўс.).