Ро́йка 1 (ру͡ойка) ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Грам.). Да рыць ’капаць’ (гл.). Гэтае насякомае рые ў глебе норы да падземных частак раслін.

Ро́йка 2 ’рамонак, Matricaria L.’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, узыходзіць да польск. rojnik ’багун, Ledum palustre’, або да rojownik ’меліса, Melissa’. Названа паводле падабенства прыемнага паху, які прываблівае пчол.

Ро́йка 3 асудж. ’жанчына з непрыбранымі, распушчанымі валасамі, проставалосая’ (міёр., З нар. сл.). Генетычна звязана з смал., зах.-бранск. ро́йда ’непарадак у хаце, з адзеннем’, ’бязладны, неахайны чалавек’, якое, відаць, узыходзіць да уграфінскай крыніцы, параўн. вепс. roida ’капаць, рыць, раскопваць’, ’зносіць (будынак)’, ’раскідваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)