Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Княж ’шафер’ (Мат. Гом.). Параўн. княжына (гл.).

Княжы́на ’дружка’ (Мат. Гом.). Гл. князь2.

Кня́жыч ’Месяц, нябеснае свяціла’ (Нар. сл.). Да князь1 (гл.).

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Ко́барам ’кулём’ (Жд. 2). Гл. кубарам.

Ко́бачка ’пад лыжачкай, ямачка’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. кебка.

Ко́бза1 ’торба’ (Кірк.). Параўн. кобза3 (гл.).

Ко́бза2 ’злы чалавек’ (Мат. Гом.), ’тоўстая сытая істота’ (ТС). Параўн. кобзаць (гл.).

Ко́бза3 ’музычны інструмент’ (ТСБМ, Нас.). Укр. кобза, польск. kobza з украінскай мовы. Запазычанне з цюркскіх моў. Параўн. тур. kopuz ’аднаструнная гітара’ (ЕСУМ, 2, 476).

Ко́бзаць ’пэцкаць’ (Жыв. сл.). Параўн. укр. кобзати ’рыць, варушыць’, якое ЕСУМ, 2, 476 звязвае з рус. кобзать ’грэбаваць’. Унутраная форма няясная.

Ко́бка1 ’яма’ (Сцяшк. Сл.). Гл. кобачка.

Ко́бка2 ’нізкая, прысадзістая, моцная дзяўчынка’ (Янк. III). Янкоўскі (55) параўноўвае з укр. кобка ’металічная каробка’ (параўн. ЕСУМ, 2, 477). Гл. кобка1.

Ко́блік ’пячкур’ (Крыв., Сл. паўн.-зах.). Укр. коблик ’тс’, рус. коблик, славац. kolbik. Гл. колб.