Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кло́пат1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Кло́пікі ’клапоўнік’ (Мат. Гом.), ’стрэлкі звычайныя, Сарsella Bursa pastoris’ (Дэмб. I, Кіс.). Гл. клапоўнік.

Кло́тнік ’васілёк лугавы’; «клотнік і васілёк у жыця, толькі клотшк больш фіялетавы» (Сл. паўн.-зах., 2, 478). Магчыма, да польск. kłot ’абмалочаны сноп’.

Кло́ун ’цыркавы артыст-комік’ (ТСБМ). Праз рус. клоун < англ. clown (Шанскі, 2, 8, 164).

Кло́ўня (клёвня) ’рыбалоўная прылада, кломля’ (Нар. лекс.). Гл. кломля.

Клоўсічка ’жанчына, якая часта ўжывае слова паслухай Балтызм. Параўн. літ. klausytis ’слухаць’, klausyk ’слухай’. Сл. паўн.-зах., 2, 479).

Клох-клох ’як чуюць курыцу’ (Нар. лекс.), ’падзыванне куранят’ (Нар. лекс.). Гукапераймальнае.

Кло́чча ’адходы пры апрацоўцы льну’ (Сцяшк., Влад.), ’пачаскі, пачассе’ (Сл. паўн.-зах.), ’касмык чаго-небудзь валакністага’ (Нас.). Гл. клок.

Клочэні́к1 ’вандроўны гандляр, мяняла, анучнік’ (ТС). Гл. клок.

Клочэні́к2 ’пража з адходаў ільну’ (ТС). Гл. клок.

Клуб1 ’культурна-асветная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус. клуб з англ. club (Шанскі, 2, 8, 165).

Клуб2 ’лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары, клубок’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Дуж-Душ., КЭС, лаг.). Укр. клуб, рус. клуб ’тс’, балг. кълбо, серб.-харв. клу̏пко, славен. klóbko ’тс’, польск. kłąb, чэш. kloub, славац. klbo, н.-луж. klub ’тс’. Прасл. klǫbъ параўноўваецца з лац. glomus, globus, на аснове якіх можна рэканструяваць *klombos як крыніцу праславянскай лексемы. Параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 108–109; Пізані, Paideia, 24, 3–6, 212; Мартынаў, Изоглоссы, 11. Апошні — прыхільнік італійскага паходжання прасл. klǫbъ, хаця абсалютныя сінонімы з балтыйскімі адпаведнікамі ў славянскіх мовах не выяўлены. Трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга ў даным выпадку гаварыць аб генетычнай тоеснасці, паколькі італійскія і славянскія мовы не мелі агульнай прамовы. А калі ўлічыць, што славянскія пранікненні ў італійскую прамову адсутнічаюць, мы вымушаны дапусціць італійскую крыніцу для прасл. klǫbъ.

Клуб3 ’косці таза, тазавыя косці, якія выступаюць ніжэй пояса’ (Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Клім., Мат. АС, Дразд., З нар. сл., КЭС, лаг.). Укр. клуб ’сцягно’, польск. kłąb, чэш. kloub ’сустаў’, славац. klb ’сустаў, сцягно’, н.-луж. klub ’сцягно’, в.-луж. kluba ’тс’, палаб. klob ’тс’. Геаграфія klǫbъ у гэтым значэнні сведчыць аб агульнапаўночнаславянскай інавацыі. Генетычна klǫbъ ’сцягно’ звязана з klǫbъ ’клубок’ (гл. клуб2).