Кло́мля ’рыбацкая снасць, лавушка з адкрытым заходам’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. I, Сл. паўн.-зах., Крыв., Сцяшк., Нар. лекс., Сцяц.). Укр. кімля, климля, кломля, рус. (зах.) кломля ’тс’, серб.-харв. кло̏ња ’пастка для птушак’, славен. klȏnja ’тс’, польск. kłomia, kłonia ’тс’, славац. kloňa ’кошык для квахтухі’. Пералічаныя паралелі можна аб’яднаць у адзін архетып klomьnja, які лічыцца роднасным з гоц. hlamma ’пастка’ (Махэк₁, 206). Бернекер (1, 522) звязвае гэту групу слоў з прасл. kloniti, што неверагодна як з фанетычнага боку (дублет польск. kłomia/kłonia), так і з семантычнага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)