Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́ 2.
Бузго́р, таксама бузго́рак, бузгаро́к ’горка, узвышша’ (Яшкін). Рус. дыял. (пск.) бузгорок ’частка поля’. Кантамінацыя слоў буго́р (гл.) і ўзго́р(ак). Здаецца, беларуска-руская сумесная інавацыя. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.
Бузіна́ ’Sambucus nigra L.’ (Кіс., БРС, Шат.), бузі́на (Сцяшк. МГ). Рус. бузина́, буз, боз, укр. бузина́, боз; у значэнні ’бэз, Syringa’ — бел., укр. буз, бузо́к, польск. bez, чэш. bez, балг. бъз, серб.-харв. баз, ба́за і г. д. Слав. *buzina, *buzъ, *bъzъ ’бузіна, Sambucus; бэз, Syringa’ лічыцца роднасным з і.-е. словамі, якія азначаюць ’дуб’ і ’бук’: лац. fāgus ’бук’, грэч. φηγός, φᾱγός дуб’, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha ’бук’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 233; Бернекер, 111.
Буй ’моцны, халодны вецер’ (Сцяшк. МГ, Яшкін), ’халадэча з ветрам’ (Юрч.), ’высокае, адкрытае для ветру месца, узгорак’ (Бяльк., Яшкін, Нас., Шат., Гарэц.), ’хуткі, востры’ (Нас.), схіл гары, узгорка’ (Яшкін), ’няўступчывы, буян’ (Нас.). Укр. буй ’адкрытае для ветру ўзвышша’, рус. буй ’высокае, адкрытае месца; магільнік’. Першапачаткова, мабыць, ’высокае адкрытае месца’. Так Філін, Происх., 524–525. Гл. яшчэ Ларын, Слово гов. Севера, 6. Фасмер (1, 234) значэнне ’магільнік’ звязвае з швед. уплывам. Калі першая версія правільная, то ўсё да слав. *bujь, *bujьnъ (гл. пад буя́ць). Параўн. Барысава, Бел.-рус. ізал., 9.
Бу́йвал ’буйвал’ (БРС. Бяльк.), таксама ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883). Рус. бу́йвол, укр. бу́йвіл. Старое запазычанне (параўн. ст.-рус. быволъ і г. д.) з лац. *būvalus з ад’ідэацыяй да *bujь дзікі’ і *vоlъ. Гл. Фасмер, 1, 234. Бу́йвал азначае і ’птушка бугай’ (Інстр. II), параўн. буга́й 2.
Буймі́стр ’бурмістр’ (Нас.). Як думае Апель, РФВ, 3, 87 (за ім і Фасмер, 1, 246), гэта беларускае слова ўзнікла з бурмістр (гл.) пад уплывам слова бу́йны (параўн. бурмі́шча). Але, магчыма, гэта не так. Хутчэй можна думаць пра дысіміляцыю р–р > й–р.
Бу́йны ’непакорны, неўгамонны’ (Бяльк.), ’моцны, бурлівы’ (Нас.), ’вялікі, буйны’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Сцяшк. МГ, Яруш.). Укр. бу́йний ’моцны, бурлівы’, дыял. таксама ’вялікі, буйны’. Гэта апошняе значэнне, мабыць, другаснае і развілося ў бел. і ўкр. мовах незалежна, на базе зыходнага ’моцны’. Гл. буя́ць.
Буйра́к ’сухое рэчышча’. Гл. байра́к 1.