Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Будзя́к. Гл. бадзя́к.

Бу́дні, бу́дзень, будзённы. Рус. бу́дни, бу́день, бу́ддень, бу́дний, укр. бу́ддень, буде́нний. З будьнъ дьнь (параўн. польск. budny dzień) да *budьnъ : *buditi. Гл. Фасмер, 1, 229 (там і агляд іншых версій); Шанскі, 1, Б, 212.

Будо́ва. Гл. будава́ць.

Будо́ўля ’будынкі; будаванне’ (БРС, Др.-Падб., Бяльк., Гарэц., Інстр. I, Нас.). Укр. буді́вля, польск. budowla. Няяснае слова. Сувязь з бу́да́, будава́ць, буды́нак бясспрэчная, але якая? Няясныя таксама адносіны паміж усх.-слав. і польскім словам. Брукнер, 46, лічыў, што польск. budowla (як і torgowla) з усх.-слав. моў. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 184), думае, што budowla (суф. ‑owla) з’яўляецца польскім, не запазычаным словам.

Будуле́ц ’страявы лес’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. budulec (а гэта з ням. Bauholz; Брукнер, 46).

Бу́дучыня. Крамко (Гіст. мовы, II, 140, 141) мяркуе, што гэта неалагізм яшчэ дакастрычніцкага перыяду, няпоўная калька з рус. мовы (рус. будущее). Няясна. Параўн. і ўкр. будучина́ ’тс’.

Буды́нак ’будоўля, будыніна, хата і да т. п.’ (БРС, Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв., Інстр. I, Янк. I, Янк. Мат., Тарн., Нас., Шат., Касп.), буды́нок (Бесар.), будынек (Чуд.). Сюды ж і буды́ніна ’будынак’ (Янк. I). Агляд бел. форм гл. Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 146–147. Укр. буди́нок. Запазычанне з польск. budynek ’тс’, якое паходзіць з с.-в.-ням. *būding ’будаванне’. Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47; Слаўскі, 1, 48. Падрабязна аб польскім слове і ням. крыніцы Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 180–185). Памылкова ўтварэннем ад буда (польск. buda) лічыць словы буды́нак, budynek Рудніцкі, 236.

Бужані́на. Рус. бужени́на, укр. бужени́на, бужани́на. Усх.-слав. утварэнне (суф. ‑ина) ад буженый ’вялены’ (параўн. у Бярынды: сушани́ца: мя́со вендзо́ное (1627 г.), але таксама ў іншых экземплярах гэтага ж выдання: мя́со бужеоное, гл. Німчук, Бер., XIV). Дзеяслоў буди́ти ’вяліць, вэндзіць’ (< *obǫditi; слав. *ǫditi ’вэндзіць’: польск. wędzić, чэш. uditi і г. д.) вядомы і сёння ва ўкр. гаворках (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Іншыя тлумачэнні: бужени́на < вуженина (Рудніцкі, 240; Шанскі, 1, Б, 214; Фасмер, 1, 232, там і літ-pa) не прымаюць да ўвагі рэальнае існаванне дзеяслова буди́ти ва ўсходніх славян і надта ўскладняюць рэканструкцыю. Не выключаецца, што форма бужани́на, бужени́на пранікла ў рус. і бел. мовы з укр. Падрабязна аб слове бужані́на гл. таксама Кіш., Hatv., 20–21.

Буз, бузок ’бэз’. Гл. бузіна́.

Буза́1 ’падонкі, мут, асадак; азаддзе’ (БРС, Нас., Касп., Яруш., Бяльк.), ’бруд, мут на вадзе’ (КЭС, лаг.), ’пустазелле сярод зярнят’ (Шат.). Укр. буза́ ’татарскі напітак з проса; бруд у нямытай авечай шэрсці; асадак у вадкасці’. Рус. буза́ ’напітак; мутная вадкасць; дрэнны суп; мутная вада ў рацэ; іл, гразь і г. д.’. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. buza ’напітак з проса і да т. п.’ < перс.; Локач, 31). Міклашыч, 25; Бернекер, 105; Фасмер, 1, 232; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Шанскі, 1, Б, 214–215. Шмат значэнняў у выніку метафарызацыі. Параўн. буза́2.

Буза́2 ’рачны і азёрны іл; гразь; разведзеная гліна; твань з травой на дне вадаёма, гразкае балота’ (Яшкін), буза́, бузяна́е балота (полац., гл. Талстой, Геогр., 192), рус. (пск.) буза́. Перанос назвы ежы, напіткаў на геаграфічныя аб’екты. Параўн. буза́ ’астаткі вадкасці; напітак буза; адходы’. Падрабязней Талстой, Геогр., 192 (там і некаторыя семантычныя паралелі). Гл. таксама Макіенка, Зб. Ларыну, 102. Паводле Нік. Очерки, 103, адсюль паходзіць бузава́ць, ’пэцкаць, муціць, тускліць; мяць, псаваць адзенне’ (БРС, Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.), буза́ніць. Але параўн. і бузава́ць ’біць’.

Буза́3 ’скандал’ (БРС). Рус. буза́ ’тс’, укр. буза́рус.?). Не вельмі яснае слова. Па адной версіі, метафарызацыяй з буза́ ’напітак’ (так Трубачоў, Дополн., 1, 233; супраць Шанскі, 1, Б, 215). Шанскі, там жа, мяркуе, што буза́ ’скандал’ < польск. buza ’лаянка, вымова’ (падрабязней гл. пад бузава́ць ’біць’). Ад буза́ ’скандал’ утворана бузі́ць, рус. бузи́ть (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 233; наўрад ці ёсць сувязь з англ. арго boose ’моцны напітак’, boosy ’п’яны’, аб гэтым Трубачоў, там жа).