Трамза́ ’балбатуха, лапатуха’ (смарг., Сл. ПЗБ), трамзі́ць ’спяшацца’ (Сцяшк. Сл.). Няясна.
Трамкаце́ць ’мільгацець, мігцець, стракацець’ (Скарбы), трамгаце́ць ’тс’ (слонім., Арх. Федар.). Да трамцець, трымцець (гл.), узмоцненага суф. ‑ка‑/‑га‑.
Трамка́ч ’сплеценыя канцы нітак, адрэзаныя з палоскай палатна’ (Мат. Маг. 2). У выніку распадабнення п > м з трапкач (гл.).
Трамплі́н ’спартыўнае прыстасаванне для адштурхоўвання пры скачках’ (ТСБМ). З рус. трампли́н ’тс’, якое праз нова-в.-ням. Trampoline ці франц. tremplin было запазычана з італ. trampolino ’тс’ < trampolo ’дыба, хадуля’ (Фасмер, 4, 93; Голуб-Ліер, 486), што ўзыходзіць да германскіх моў, параўн. нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, англ. trample ’цяжка ступаць’, гукапераймальнага паходжання (ЕСУМ, 5, 618).
Трампяля́сы (трымпыля́сы) ’лахманы’ (іван., Нар. лекс.). Складанае слова з няяснай структурай: першую частку можна звязаць з трапаць (гл.) з устаўным экспрэсіўным ‑м‑, параўн. трыплялі ’махры ў рушніку’, польск. дыял. tremcie ’лахманы’, гл. трамця, а другую — з ляскаць, гл.
Трамсы́н ’сын трох бацькоў (казачны персанаж)’ (Вяр.). З *тромсы́н < тром [бацькам] сын. Параўн. польск. trzechsyn ’сын трох’.
Трамце́ць ’мігцець, дрыжаць’ (Скарбы, Сцяшк.), ’калаціць’, ’дрыжаць ад жадання’ (брагін., З нар. сл.), ’брынкаць, бразджаць (аб паколатым посудзе)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ляскаць’ (брагін., Шатал.), ’пакрывацца пухірамі, пячы’ (навагр., Сл. ПЗБ), тромце́ць ’дрыжаць, трапятаць’ (ТС). Укр. тремті́ти ’дрыжаць, трымцець, трапятацца’, польск. дыял. trzemcieć ’хістацца’, ст.-чэш. třměti ’тс’. Прасл. *trьmtěti ’дрыжаць’ роднаснае прасл. tręsti ’трэсці’, лац. tremere ’тс’, tremare ’дрыжаць’, ст.-грэч. τρέμω ’трасуся’, літ. trinksė́tі ’грукаць, пастукваць’, лат. trimēt ’рухацца’, trīcēt ’дрыжаць, трэсціся’ (Махэк₂, 659; ЕСУМ, 5, 629). Гл. таксама трымцець.
Тра́мця ’лахманы, транты’ (Сцяшк. Сл.), тра́мсы, тра́мсікі ’лахманы, рызманы’ (пух., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. дыял. tramcie ’растрапаныя лахманы, зношанае адзенне’, tramči ’тс’. Хутчэй за ўсё, у выніку фанетычных змен пад уплывам экспрэсіі з тра́нты (гл.) > трант‑*ьjе > зборн. тра́нце ’тс’ (Мат. Гом.). Меркаванні пра запазычанне з літоўскай мовы (Лаўчутэ, Балтызмы, 85) не маюць падстаў. Фанетычна, магчыма, набліжана да трамцець ’трапятаць’, гл.
Тран ’рыбін тлушч’ (Яруш.; ашм., паст., Сл. ПЗБ). З польск. tran ’рыбін, кітовы, цюленевы тлушч’, якое з ням. Tran ’рыбін тлушч’ — скарочанага Fischtran, у якім ‑tran < с.-н.-ням. trān ’кропля’, нова-в.-ням. Träne ’сляза’ (Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 618).
Транавы́: транава́я маць ’матка, якая адкладвае чарву, з якой выводзяцца трутні’ (паст., Сл. ПЗБ). З літ. tranìnė mótina ’тс’ (Грынавяцкене, там жа, 5, 115).