Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́на — Сцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.
Бры́ндаць ’хадзіць, шлёпаць’ (БРС), ’бадзяцца’ (Яўс., Нас., Бяльк.), брындацца ’боўтацца, таўчыся без толку’ (КЭС), параўн. яшчэ бры́нда ’валацуга’ (Нас., Бяльк., Янк. Мат.), ’гультай’ (Касп., Нас.), брынды біць ’хадзіць без справы, лодарнічаць’ (Янк. БП). Карскі (Труды, 394) бры́нда ’валацуга’ і бры́ндаць ’бадзяцца’ выводзіў з няпэўнай літ. крыніцы (адносна гэтага гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50). Параўн. яшчэ ўкр. дыял. бре́ндати, брендо́лити ’бадзяцца’. Брукнер (43) зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’ (адсюль быццам бел. брынды біць, укр. бринди бити, далей бры́нда ’валацуга’). Фасмер (1, 222–223) прыводзіць рус. дыял. бры́нды ’шырокія рукавы’, бры́ндик ’гультай’, бринжиба́й ’тс’ і параўноўвае гэта з польск. brynda ’жарт, балаўство’, bryndzić się ’манернічаць’. Няясна. Укр. бре́ндати (resp. бел.?) Рудніцкі, 201 (услед за Шэрэхам, ZfslPh, 23, 146 і іншымі), выводзіць з брести́ з арго-суфіксам ‑н‑ (і пад уплывам пле́нтатися ’валачыцца, цягнуцца’).
Бры́нды ’аборкі ў шырокіх рукавах’ (Гарэц.), ’абрыўкі на абрубцы, аблямоўцы вопраткі, на падоле’ (КЭС), бры́нда, бры́нджа ’аборка’ (Касп.), бры́нды ’шырокія фалды, складкі’, бры́нджы, бры́нжы, брындзю́лька (Бяльк.). Рус. дыял. (зах.) брынды ’шырокія рукавы сялянскага святочнага адзення’. Этымалогія Фасмера, 1, 222–223 (услед за Бернекерам, 93), зусім не пераконвае (гл. бры́ндаць). Лепш Брукнер, 43, які зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’, але першакрыніца слоў застаецца невядомай.
Бры́нза, таксама бры́ндза (Маш., Вешт.). Рус. бры́нза, брындза ’сыр з авечага малака’, укр. бри́нза, бри́ндза, польск. bryndza, чэш. brynza і г. д. Першакрыніцай з’яўляецца рум. brînză ’тс’. У бел. мову слова папала, відаць, праз укр. або польск. мову. Рум. слова распаўсюдзілася ў многіх еўрапейскіх мовах, але яго паходжанне застаецца невядомым. Брукнер, 43; Бернекер, 93; Шалудзька, Rum., 128; Рудніцкі, 208; Чаранэску, 105; Крынжалэ, 221 і наст. Гл. яшчэ Кніежа, 109. Вельмі падрабязна і з вялікай літ-рай MESz, 1, 370. Параўн. яшчэ (спецыяльна пра бел. слова) Врабіе, Зб. Расэці, 993 і наст.; ён жа, RomSl, XIV, 134.
Брыні́ты ’свярбець (аб ране)’ (палес., Клім.). Таго ж паходжання, што і брыня́ць ’набухаць’ (гл.). Па сваёй форме брыні́ты дакладна адлюстроўвае *brьněti, а па значэнню вельмі блізкае да брыня́ць. Гэта даказвае, што і брыня́ць таксама можа паходзіць ад *brьněti.
Бры́нкаць. Укр. бриньча́ти, бре́нькати, рус. бренча́ть, чэш. brnčeti, польск. brzęczeć, серб.-харв. бре́нкати і г. д. Гукапераймальнага паходжання. Параўн. Бернекер, 84; Слаўскі, 1, 46. Гл. яшчэ бра́каць. Вельмі падрабязна Брукнер, 44–45.
Брыня́ць ’набухаць’. Здаецца, беларускае новаўтварэнне да слав. *brьněti: укр. брені́ти, брині́ти ’гучаць; цвісці, красавацца’, ст.-польск. brznieć (польск. brzmieć), чэш. brněti і г. д. ’гучаць’. Як заўважыў Брукнер, 45, словы, якія азначаюць гучанне, гук, часта азначаюць і набуханне. Параўн. слав. *bręk‑ (гукапераймальная аснова) і *bręk‑ ’набухаць’ (гл. бра́кнуць), польск. brzmieć ’тс’, але nabrzmiały ’набухлы’. Бел. брыня́ць < *brьněti (развівалася, можа, пад польск. уплывам?). Адсюль і бры́на ’цвіль’ (гл.). Сюды адносіцца і абрыняць (гл.) ’напухнуць, азызнуць’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 74).
Брыско́тлівы ’золкі’ (Сцяц.). Можа, да слав. *brězg‑ ’кіснуць, быць горкім, пакрывацца цвіллю і да т. п.’ (рус. бре́згать, укр. збре́зкнути ’скіснуць’, польск. brzazg ’непрыемны смак’, чэш. břesk; аб гэтай групе слоў гл. Бернекер, 85; Праабражэнскі, 1, 44; Фасмер, 1, 211). Але можна думаць і пра сувязь з брызку́ль ’халодны дожджык’, бры́зак ’самы дробны дождж’ (гл.).
Брысці́. Рус. брести́, укр. брести́, чэш. břísti, польск. brnąć (*brьdnǫti), славен. bresti і г. д. Прасл. *bresti *bredǫ ’тс’ мае дакладную адпаведнасць у літ. brìsti bredù. Іншая аблаутная форма — *brod‑ (гл. брод і брадзі́ць, там і літ-ра). Але ст.-бел. бринути ’брысці’ запазычана з польск. brnąć (гл. Булыка, Запазыч., 43).