Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трайча́ткі ’Стажары’ (шчуч., Сл. ПЗБ), аднак, зыходзячы з ілюстрацыі да слова (тры зоркі радком ідуць, адна каля аднае), гэта Арыён (а не Плеяды). Відаць, можна гаварыць аб уплыве польскай мовы, параўн. дыял. trojaki, trójki, trzy jutrzenki, trzy gwiazdy w kupie — назвы, звязаныя з лічбай тры (Купішэўскі, Słownictwo, 92–93), гл. трайчак.

Траката́ць (троко́чэ) ’стракатаць (пра сароку)’ (ельск., ЛА, 1). Да страката́ць (гл.), якое заснавана на гукаперайманні.

Траке́ня ’багна, гразкае месца’ (Сцяц.; зэльв., Сл. ПЗБ), ’топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’ (зэльв., ЛА, 2), траке́ня/траке́нь ’топкае месца на балоце’ (шчуч., зэльв., слоты., ЛА, 5). З літ. trãkas, traká ’багністае месца’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 113), мікратапонімы Trakinė ’назва сенажаці’, Trakỹnė ’назва балота’, тапонім Trakìniai ’назва вёскі’ (Грынавяцкене, Весці АН БССР, 1, 1971, 91; Непакупны, Связи, 183; Лаўчутэ, Балтизмы, 50).

Тракт, трахт ’шырокая праезджая дарога’ (ТСБМ; стаўб., Прышч. дыс.), ’вялікая паштовая дарога, гасцінец, шлях’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв.; слаўг., Яшк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. трактъ ’шлях, дарога’, ’бяседа’ (1570 г.), ’адміністрацыйная адзінка ў ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон), запазычана са ст.-польск. trakt, якое з лац. tractus ’цяга, цячэнне, валачэнне’, ’бесперапынны, плаўны’, ’паласа, след’, ’шэраг’, ’мясцовасць, край’ < trahere ’цягнуць (за сабой), валачы’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 113), відаць, праз нямецкую мову, параўн. ням. Trakt ’тракт’. Сюды ж: тракто́вы ’дарога, абсаджаная абапал дрэвамі’ (Нас.); тракт (страўнікава-кішкавы) < лац. tractus ’уцягванне, убіранне ў сябе’, ’праглынанне, глытанне’.

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Тра́ктар (тра́хтар, тра́хтор) ’самаходная сельскагаспадарчая машына для цягі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Растарг.). Запазычана з рускай мовы (упершыню фіксуецца ў прэсе ў 1922 г. (гл. Баханькоў, БЛ, 12, 32), у якую слова прыйшло ў 20‑я гг. XX ст. з англійскай, дзе tractor азначае ’цягач’ < лац. tractāre < trahĕre ’цягнуць, валачы’ (Чарных, 2, 256–257; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617), Сюды ж трактары́ст, трахтары́ст (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), трактары́ста ’трактарыст’ (смарг., Сл. ПЗБ) — з польск. traktorzysta ’тс’; трактары́сты ’тс’ (Сцяшк., Жд. 1, Янк. 2, Сл. ПЗБ) — арыгінальнае ўтварэнне беларускай мовы, звязанае з пераасэнсаваннем фіналі ‑іст (‑ыст), ‑іста (‑ыста) пад уплывам прыметнікаў на ‑сты, гл. галасісты, ганарысты і назоўнікаў тыпу араты, памагаты, Пра пашырэнне і паходжанне падобных форм гл. Абрэмбска–Яблонска, Зб. Крапіве, 21–26; Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25; Запрудскі, Stud. Russica, 22, 161–166; Хромчанка, Паўн.-маст. гав., 51–56.

Трактарэ́йка ’хатняя кветка (?)’ (Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, назва ўзыходзіць да лац. trachycraterum, польск. chropawiec ’?’.

Тракта́т ’навуковая праца па пэўнай праблеме’, ’міжнародны дагавор, пагадненне’ (ТСБМ), ст.-бел. трактатъ ’дагавор’, ’сярэдневяковы навуковы твор’, трактаты ’перагаворы’ (1567 г.) — са ст.-польск. traktat ’дагавор’, ’трактат’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якія з лац. tractātus = tractātio ’абмеркаванне, разгляд, трактоўка’, ’абыходжанне з нечым’ (Фасмер, 4, 93; Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 616).

Трал ’вялікая сетка для лоўлі рыбы з суднаў’, ’гідраграфічныя прылады для даследавання марскога дна’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з англ. trawl ’грунтавы невад у выглядзе доўгага мяшка’, ’цягнуць сеткі па дну’ < лац. tragula ’невад’ (Фасмер, 4, 93; ЕСУМ, 5, 617).

Трале́йбус ’шматмесная пасажырская машына з электрычнай цягай’ (ТСБМ), тролʼејбус ’тс’ (Вруб.). З рус. тролле́йбус або польск. trolejbus, што з англ. trolleybus; складаецца з trolley ’ролікавы токапрыёмнік’ і ‑bus — элемент слоў omni‑bus альбо auto‑bus; марфема ‑bus — гэта частка лац. omnibus ’для ўсіх, усім’ (Чарных, 2, 264; Голуб-Ліер, 490; ЕСУМ, 5, 647).