Бру́знуць ’шмат спаць; таўсцець, паўнець’ (Юрч.), бру́зла ’той, хто многа спіць; распаўнелы чалавек’ (Юрч.). Рус. брю́згнуть ’апухаць, набракаць’. Фасмер (1, 224) з няпэўнасцю параўноўвае з славен. brjȗzga ’снег, як растае’. Бернекер (96), Праабражэнскі (1, 48), Шанскі (1, Б, 206) думаюць, што рус. словы брюзга́, брюзжа́ть, брюзга́ть маглі даць вытворнае са значэннем ’напухаць’ (параўн. слав. *bręk‑ гучаць’; ’набухаць, набракаць’). Параўн. і брусяне́ць ’успухаць’ (гл.). Бел. бру́знуць < *бру́згнуць (*брузкнуць).
Бруі́цца ’цячы, ліцца’; бруі́ць ’хутка цячы, пералівацца’, бруя́ ’хваля, цячэнне’ (Сцяшк. МГ); бруі́ць, бруі́цца ’мачыцца’, бруй ’той, хто мочыцца’ (Нас.). Рус. дыял. бруи́ть ’хутка цячы; гучаць’; бруя́ ’струмень’, укр. бру́я ’хуткае цячэнне ў рацэ; скразняк’. Польск. дыял. bruič. Польскае слова Варш. сл. (1, 212) лічыць запазычаннем з бел. мовы, а Бернекер, 88; Траўтман, 37; Фасмер, 1, 221; Брукнер, 42, *brujь, *brujati параўноўваюць з літ. briáutis ’напіраць сілай, лезці’. Параўн. яшчэ рус. дыял. бру́я́ ’рабізна на вадзе’, бруя́ть ’гучаць’. Можа, гукапераймальнае. Далей сюды належаць бел. бруль (= бруй), бру́ліць (= бру́іць), брулі́ ’мача’, гл. Нас. (Фасмер, 1, 221; Бернекер, 88), бруя́к ’водмель’ (Касп.).
Брук 1 ’каменная маставая’ (ст.-бел. брук з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. брук ’тс’. Запазычанне з польск. bruk ’тс’ (дзе з ням. Brücke мост; брук’). Гл. Рудніцкі, 220; Бернекер, 89; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 42.
Брук 2 ’самая быстрыня ракі’ (Нас.). Рус. дыял. (смал.) брук ’пясчаная водмель у рацэ’. Мабыць, таго ж паходжання, што і брук 1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’каменне’ → ’месца ў рацэ, дзе каменне’ → ’быстрыня’. Параўн. брук ’каменне’ (Сцяшк.). Але не выключаецца, што брук 2 звязана з дзеясловам тыпу рус. дыял. бру́кать ’гаварыць незразумела’ (гукапераймальнае). Параўн. укр. белебе́нити ’балбатаць’, бе́лебень глыбокае месца ў рацэ’.
Брукаць, брукава́ць ’буркаваць (аб галубах)’ (Дзмітр., Шат., Сцяшк. МГ, Яруш., Сцяц.), бруку‑бруку (так перадаюць буркаванне галубоў — Сцяц.). Параўн. рус. бру́кать ’незразумела гаварыць’, укр. бру́кати ’буркаваць (аб галубах)’, бру́ку́! (выклічнік, што перадае буркаванне галубоў). Словы гукапераймальнага, выклічнікавага паходжання. Параўн. яшчэ ўкр. авру́кати ’буркаваць’. Тыповае спалучэнне губных (б, в) з санантам (‑р‑). Гл. яшчэ бурча́ць, бурчэ́ць, бу́ркаць, буркава́ць і г. д. (усё пад бурча́ць).
Бру́кі ’верхнія мужчынскія штаны’ (ДАБМ, 930). Мабыць, запазычанне з рус. мовы (а там з н.-ням. brôk або гал. broek; усё з лац.-гальск. brāca). Фасмер, 1, 224; Праабражэнскі, 1, 49; Шанскі, 1, Б, 206.
Бру́ліць ’мачыцца’, бруль, брулі́. Гл. бруі́цца.
Бруне́т. Рус. брюне́т, укр. брюне́т. Запазычанне (бел. і ўкр., можа, праз рус. мову) з франц. brunet (< brun ’карычневы’). Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 207.
Брунта ’частка збруі’. Запазычанне з літ. brañ(k)tas ’тс’ (дакладней, з дыял. аукштайтскай формы, дзе ‑an‑ > ‑un‑). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 51.
Бру́нькі ’шэрсць дрэннай якасці, знятая з ног і галавы авечкі’ (Улад.). Відаць, укр. паходжання. Параўн. укр. бру́нька ’пупышка на дрэве’ (мае дакладную адпаведнасць у балг. мове: балг. бру́нка ’пупышка на дрэве’, параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Развіццё семантыкі ’пупышка’ → ’катылёк’ (першапачаткова ’шэрсць у катыльках, зваляная’).