Бро́ўка ’край’ (БРС, Шушк., Выг. дыс., Інстр. I). Рус. бро́вка. Лічыцца ўтварэннем ад brъvь ’брыво’. Параўн. Фасмер, 1, 215; падрабязней Шанскі, 1, Б, 199.
Бро́хнуцца ’кінуцца, паваліцца’ (Жд.) > бро́хаты ’пляскаць, пляскацца; шлёпаць’ (палес., Клім.). Укр. брьо́хати, брьо́хатися ’тс’, таксама бро́хати, -ся. Паводле Рудніцкага, 228–229, гукапераймальнага паходжання, але яго параўнанне з бри́з(ь)кати вельмі няпэўнае.
Брошка. Рус. брошь, бро́шка, укр. бро́шка. Запазычанне з франц. broche (можа, праз ням. Brosche < франц.; Фасмер, 1, 219). Падрабязна Шанскі, 1, Б, 202.
Бруд (Нас., Байк. і Некр.), бру́дны. Рус. бруд, укр. бруд, польск. brud, славац. brud і г. д. Слав. brudъ. Слова няяснага паходжання. Некаторыя параўноўваюць з славен. brjȗzga, brȗzga ’снег, змешаны з граззю’. Фасмер, 1, 219. Няпэўна. Параўн. яшчэ Бернекер, 88. Слаўскі (1, 44) думае, што ёсць сувязь з *bridъ (гл. бры́дкі). Bridъ і brudъ ад і.-е. *bher‑ ’рэзаць’ (> ’быць непрыемным’). Кюнэ (Poln., 46) лічыць, што ўсх.-слав. словы запазычаны з польскай мовы. Бернекер (88) адносіць па паходжанню да бруд (< слав. *brudъ) бел. бруды ’цёмна-русы’ (Нас.).
Бруды ’цёмна-русы’. Гл. бруд.
Бру́дэр ’няпэўны чалавек’, бру́дэрка ’сатаварышка; жанчына дрэнных паводзін’ (Нас.). З ням. Bruder ’брат’ (аргатычнае слова?). Таго ж паходжання і бру́дэр ’брудны, неахайны’, бру́дэрка ’брудная, неахайная’, якія асацыіраваліся з бруд.
Бружме́ль ’расліна Lonicera L.’ (Кіс.). Назва няяснага паходжання. Бружме́ль — гэта таксама ’брызгліна’. Відавочна, назва была перанесена з брызгліны на бружмель. Этымалогія слова бружме́ль няясная, ёсць шмат варыянтаў (гл. пад брызглі́на). Вопыт этымалагізавання (няпэўны!), Махэк₂, 69 (пад brslen ’брызгліна’).
Бружэліна ’бружмель, сухадрэўка, Lonicera Xylosteum’ (КЭС). Адна з шматлікіх назваў бружмелі (гл.). Паколькі, магчыма, назва брызгліны пераносілася на бружмель, то бружэліна, відаць, кантамінацыя слоў бружме́ль і брызглі́на.
Брузда́цца ’аблівацца ў час яды, неахайна есці’ (Бяльк.). Мабыць, гукапераймальнае. Параўн. рус. бру́здить ’бурчаць’ (да апошняга гл. Фасмер, 1, 219, які прыводзіць і літ. bruzduliúoti). Да семантыкі параўн. бурбо́ліць ’булькаць; старанна есці, спяшацца’.
Брузды́ль ’пухір на целе’ (Бяльк.). Мабыць, гукапераймальнае, як і брузда́цца (гл.).