Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Брас ’стыль плавання’. Рус. брасс, укр. брас. Запазычанне з франц. brasse ’тс’ (а гэта да bras ’рука’). Падрабязна гл. Шанскі, 1, Б, 189.

Браск ’досвітак’ (Мар. дыс.). Марозаў, там жа, лічыць, што гэта паланізм. Параўн. польск. brzask ’тс’. Хоць тэарэтычна браск можа быць і бел. словам (параўн. рус. брезг ’тс’, бре́зжит ’світае’, чэш. břesk, ст.-слав. пробрѣзгъ і г. д. — слав. *brězg‑; аб слав. словах гл. Фасмер, 1, 211), усё ж на бел. глебе яно ізаляванае (акрамя таго, у бел. мове было б брэск). Укр. дыял. бряск ’бляск’ таксама з польск. (гл. Рыхардт, Poln., 37).

Брат. Ст.-рус. братъ, рус. брат, укр. брат, польск. brat (ст.-польск. bratr), чэш. bratr, ст.-слав. братръ, братъ, балг. брат, серб.-харв. бра̏т і г. д. Прасл. *bratrъ (форма *bratъ узнікла дысіміляцыяй двух r), старая аснова на ‑er. І.‑е. *bhrāter‑: ст.-прус. brāti, літ. brotė̃relis, гоц. broþar (ням. Bruder), лац. frāter, грэч. φρᾱ́τηρ, ст.-інд. bhrā́tar‑ і г. д. Бернекер, 82; Траўтман, 36; Фасмер, 1, 207–208; Слаўскі, 1, 41; Трубачоў, История терм., 58 і наст.; Шанскі, 1, Б, 189–190.

Братэ́рскі ’брацкі’, укр. брате́рський. Запазычанне з польск. braterski ’тс’ (‑r‑ тут захоўваецца ў сувязі з ст.-польск. формай bratr, параўн. Слаўскі, 1, 41; ва ўсх.-слав. мовах форма з ‑r‑ тыпу bratr не існавала, гл. брат).

Бра́ўнінг. Рус. бра́унинг, укр. бра́унінг. Запазычанне з англ. мовы (англ. browning ’тс’, ад імя яго канструктара Browningʼа). Параўн. Шанскі, 1, Б, 191.

Браха́ць ’гаварыць няпраўду; гаўкаць’. Ст.-рус., ст.-слав. брехати ’гаўкаць’, рус. бреха́ть, укр. бреха́ти, польск. brzechać ’тс’, славац. brechať ’тс’, балг. брехам ’сапці; рассмяяцца’, серб.-харв. брѐхати, ’сапці, кашляць’ і г. д. Слав. brechati (можа, гукапераймальнае). Лічаць роднасным з лат. brèkt ’крычаць, плакаць’, ст.-в.-ням. braht ’шум’, англ. (to) bark ’гаўкаць’ і г. д. Бернекер, 83–84; Праабражэнскі, 1, 45; Фасмер, 1, 213; БЕР, 1, 78; Махэк₂, 66.

Браці́шэк ’паслушнік каталіцкага ордэна’ (Нас.). З польск. braciszek ’тс’.

Браць. Ст.-слав. бьрати берѧ, рус. брать, укр. бра́ти. Польск. brać, чэш. bráti, балг. бера́, серб.-харв. бра̏ти і г. д. Прасл. bьrati berǫ ’браць’; больш старажытнае значэнне ’несці, збіраць і да т. п.’ І.‑е. *bhere‑, *bherā‑. Роднасныя формы: ст.-інд. bhárati ’нясе’, грэч. φέρω ’нясу’, лац. fero, гоц. baíra ’тс’ і г. д. Сюды ж слав. *ber‑men ’ноша’ (> усх.-слав. *беремя). Іншыя ступені вакалізму: ‑bor (sъ‑borъ і да т. п.); *‑birati (sъ‑birati і да т. п.). Бернекер, 51; Траўтман, 31; Праабражэнскі, 1, 42–43; Фасмер, 1, 159; Слаўскі, 1, 41 і інш.

Бро́вар ’вінакурня’. Укр. бро́вар. Запазычанне з польск. browar ’тс’ (параўн. browarz ’півавар’) < ням. Brauer. Гл. Брукнер, 42; Фасмер, 1, 215; Бернекер, 88; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Шалудзька, Нім., 23; Рудніцкі, 213 (указваюць таксама на с.-в.-ням. і н.-ням. крыніцу). Ст.-бел. бровар ’бровар, піваварня’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Бел. бровар ’півавар’ (Нас.) запазычана з польск. browarz ’тс’.

Брог ’стог сена на чатырох слупах і са страхой’, таксама брок (Інстр. I, Бір. Дзярж., Жд.), ст.-бел. броґ, брок ’стог, сцірта’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. bróg ’тс’ (а гэта ад прасл. *borgъ ’тс’ — аблаутнай формы да *bergti *bergǫ, гл. берагчы́, параўн. Слаўскі, 1, 44). Гл. Бернекер, 73. Бел. форма абаро́г (укр. оборі́г). Гл. яшчэ брэх. Таксама з польск. мовы ўкр. дыял. броґ ’тс’. Параўн. далей Фасмер, 1, 216; Рыхардт, Poln., Зб. Карскі, РФВ, 49, 10 (Труды, 389), памылкова тлумачыў брог з літ. brãgas (гэта з польск.).