Гусці́ ’гусці, гудзець’ (БРС), гусць (Нас., Бяльк.). Гл. гудзе́ць.
Гусь ’гусь’. Лексема праславянскага характару: рус. гусь, укр. гусь, польск. gęś, чэш. hus, славен. gȏs і г. д. Агляд версій адносна захавання ў слав. мовах формы *gǫsь (а не *zǫsь) гл. у Фасмера, 1, 478. Трубачоў мяркуе, што слова мае гукапераймальны характар, таму ў слав. мовах рэгулярнасць фанетычных змен магла і не мець месца (гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 88–89; там і дыскусія).
Гу́та ’гута, завод’. Ст.-бел. гута ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. huta ’тс’ (а гэта са ст.-в.-ням. hutta, с.-ням. hutte). Гл. Слаўскі, 1, 440–441; Кюнэ, Poln., 59; Бернекер, 379–380; Брукнер, 174. Параўн. і рус. гу́та (гл. Фасмер, 1, 479).
Гу́тарыць ’гаварыць, размаўляць’. Прасл. *gutoriti. Рус. гу́торить, гута́рить, укр. гу́тір ’размова, бяседа’, гуто́рити, славац. hutoriť. Лічыцца складаным словам: *gu‑ адносіцца да *govoriti, а другая частка (*‑toriti) — да літ. tar̃ti ’сказаць’ (параўн. і слав. *tortoriti). Гл. Фасмер, 1, 479; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 179–180.
Гуча́ць ’гучаць’. Параўн. рус. гучать, укр. гучати, чэш. hučeti, серб.-харв. гучати і г. д. Прасл. *gučati роднаснае *gukati (гл. гука́ць). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 166–168.
Гу́шкаць ’гушкаць’, гу́шкацца. Відаць, гукапераймальнага паходжання.
Гу́шча ’гушча’, гушча́р ’гушча’. Прасл. *gǫšča ’гушча’ (у розных значэннях: ’лес’, ’асадак’). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 89–90. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 479. Зыходнае *gǫstja (ад прыметніка *gǫstъ ’густы’).
Гы́ркаць ’гыркаць’. Параўн. бел. га́ркаць, укр. ги́ркати, рус. гы́ркнуть, га́ркать і г. д. Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 209 (пад праформай *gъrkati). Лексема гукапераймальнага характару. Параўн. Фасмер, 1, 479.
Гэ́бель ’гэбель’ (БРС), гебель (Нас.), гебаль (Касп.). Ст.-бел. гебель (Булыка, Запазыч.). З польск. hebel, а гэта з ням. Hobel ’тс’. Гл. Кюнэ, Poln., 57; Брукнер, 170.
Гэ́ты ’гэты’. Рус. э́тот, э́та, э́то. У аснове ляжыць дэйктычнае э, да якога далучаецца *tъ. Гл. Фасмер, 4, 523. У бел. мове на пачатку слова пратэтычны гук.