Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2). Гл. гу́нсвот.

Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск. huncwot, чэш. hundsvut, укр. гунцвот (сюды, відаць, і ўкр. гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням. Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел. дыял. лаянкавае слова гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.

Гу́ня ’папона, чапрак’ (Нас.), ’вялікая цёплая хустка’ (Шатал.), гунька ’тс’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.), ’самаробная посцілка’ (Сцяшк.), ’посцілка’ (Жд. 2). Рус. гу́ня ’пашарпанае адзенне’, укр. гу́ня ’сярмяга’, балг. гуня ’плашч’, польск. gunia ’верхняе адзенне з грубага сукна і г. д.’ Прасл. *gunʼa, *guna. Лічыцца прасл. запазычаннем з невядомай крыніцы. Агляд версій у Слаўскага, 1, 378–379; параўн. яшчэ Фасмер, 1, 475. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 175–177. Ст.-бел. гуня ’коўдра’. Булыка (Запазыч., 86) прыводзіць як запазычанне з польск. gunia.

Гу́ра ’гурба (снегу)’ (Сцяц., Сцяшк., Шат., Бяльк., Жд. 2, Шатал.; гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні). Параўн. ст.-бел. гура ’верх’ (з XVI ст.; < польск. góra, гл. Булыка, Запазыч., 86). Зэльв., гродз. гура ’гурба’, бясспрэчна, таксама запазычана з польск. мовы (аб гэтым можа сведчыць гук ‑у‑). Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 330–331. Іначай Трубачоў, Эт. сл., 7 (пад *gurati): бел. лексема — аддзеяслоўнае ўтварэнне на бел. глебе. Параўн. яшчэ ўкр. гура ’маса, гурт’ (Грынч.).

Гу́рба ’гурба’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Яшкін). Трубачоў (Эт. сл., 7, 179–180) бел. гу́рба ’гурба’ параўноўвае з укр. гурба ’гурт’, рус. гурба ’гурт’, гурьба ’тс’ і мяркуе, што гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад дзеяслова *guriti), аднак семантыка гэтага дзеяслова не вельмі ясная. Параўн. тлумачэнне гурьба ў Фасмера, 1, 476–477. Паходжанне слова застаецца няясным. Ст.-бел. гурба ’гурт’, паводле Булыкі (Запазыч., 86), запазычана з польск. hurba, hurma < с.-в.-ням.

Гурга́н ’сухі пясчаны востраў сярод балота’ (усх.-палес., Яшкін). З курга́н (гл. значэнні гэтай лексемы ў Яшкіна). Яшчэ ў Яшкіна: гурда́н ’курган’ < курга́н (→ гурга́н, далей дысіміляцыяй двух «г», г — г > г — д, гурба́н).

Гурт ’гурт’ (БРС, Шат., Бяльк.), ’вогнішча’ (Шатал.). Рус. гурт, укр. гурт. Запазычанне з польск. hurt < с.-в.-ням. hurt. Гл. Фасмер, 1, 476; Бернекер, 1, 379; Слаўскі, 1, 439. Параўн. Булыка, Запазыч., 87. Сюды адносіцца і гурто́к, укр. гурто́к.

Густ ’густ’ (БРС, Нас., Касп.). Укр. густ ’тс’. Запазычанне з польск. gust ’густ’, а гэта з лац. gustus. Гл. Слаўскі, 1, 380; Кюнэ, Poln., 59. Насовіч меркаваў, што гэта непасрэднае запазычанне з лац. gustus.

Густы́ ’густы’ (БРС, Шат.). Рус. густо́й, укр. густи́й, польск. gęsty, чэш. hustý і г. д. Прасл. *gǫstъ. Параўн. літ. gánstus ’багаты’ (Фасмер, 1, 478, указвае, што гэта выключае шмат іншых версій; агляд у Фасмера, там жа; Трубачова, Эт. сл., 7, 87).

Гусце́ча ’густы зараснік’ (Янк. Мат.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), магчыма, адлюстраванне прасл. дыял. *gǫstotja (параўн. галеча, малеча і да т. п.), дзе прасл. суфікс *‑otja, які мае паралелі ва ўкр. і ў паўд.-слав. мовах (у іх зах. групе). Мусіць, недакладнае тлумачэнне. Для бел. ‑еча (як і для ўкр. ‑еча) зыходным з’яўляецца ‑*etja (суфікс, які ўзнік на базе *‑eta, які меў тую ж функцыю, што і ‑ota; магчыма, тут было старое чаргаванне вакалізму е : о, ‑*eta : ‑*ота).