Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Боці (мн.) ’рабро ў лодкі’ (КЭС, бых.). Можна параўнаць з укр. бо́тя частка борта лодкі’ (да геаграфіі параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 128). Але этымалогія слова застаецца цёмнай. Рудніцкі (184) лічыць яго няясным і мяркуе пра дэфармацыю слова борт. Няпэўна. Можа, ёсць сувязь з рус. бо́тник, ботня́, бот ’выдаўбаная з дрэва лодка’?

Бо́цікі ’расліна боцікі, Aconitum L.’ (Кіс.). Ад назвы абутку — бот. Параўн. падобнае ў іншых мовах: укр. зозуліни черевички, черевички (Макавецкі, Sł. botan., 5–6), славац. pančušky (літаральна ’чаравічкі’; Махэк, Jména rostl., 47), ням. Schühlein ’Aconitum’ (літаральна ’чаравічак’; Мараль, Pflanzennam., 5 (5), 506). Расліна названа так, таму што чашалісцік нагадвае шлем або боты з шторамі (апісанне гл. Нейштадт, Определитель, 254). Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Бо́цян. Гл. баця́н.

Бо́чка. Рус. бо́чка, укр. бо́чка, чэш. bečka, bečva, польск. beczka, серб.-харв. ба̏чва, славен. bečvà, bečkà, bȃčva і г. д. Слав. bъči (род. скл. bъčьve), аснова на ‑ū. Слова яўна запазычанае, але дакладная крыніца невядомая (вельмі многа версій). Падрабязны агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 202; Шанскі, 1, Б, 179–180. Паводле Слаўскага, 1, 29, трэба зыходзіць з bъčьka (памяншальнае ад bъča, якое не захавалася), а гэта запазычанне з герм. моў (параўн. бавар. die Butschen, Bütschen). Вельмі падрабязна слав. словы разглядае Губшмід, Schläuche, 47, 51–53, які лічыць, што крыніцай іх (як і паўдн.-ням. форм: бавар. bütschen і да т. п.) з’яўляецца раманскае *bŭtša, *bŭtšu (< *buttia, параўн. buttis). Зыходнымі славянскімі формамі Губшмід лічыць *bŭčy (род. скл. *bŭčŭve), *bŭči (род. скл. *bŭčǐve) і *bŭča. Сюды і бел. бачо́нак, рус. бочо́нок, укр. бочо́нок, якое, як лічыць Шанскі, 1, Б, 180–181, з’яўляецца ўсх.-слав. утварэннем (суф. ‑еnъkъ).

Бо́язь, бая́знь. Гл. бая́цца.

Бра. Рус. бра, укр. бра. Запазычанне з франц. мовы (франц. bras ’тс’, літаральна ’рука’). Фасмер, 1, 204; Шанскі, 1, Б, 183.

Бра́вы ’бравы’ (Нас. Сб., Шат., БРС), ’прыгожы’ (Лысенка, ССП). Рус. бра́вый, укр. бра́вий. Запазычанне з франц. brave (можа, праз ням. brav) або з італ. bravo ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 205; Шанскі, 1, Б, 184–185. Да гісторыі і распаўсюджання слова ў еўрапейскіх мовах гл. яшчэ Клюге, 98; MESz, 1, 367 (там і літ-ра). Шатэрнік лічыць гэта слова русізмам.

Бравэ́рка, браве́рка світка, якая апранаецца на кажушок; безрукаўка; каўнер; паўпальто з даматканага сукна; армяк’ (БРС, Інстр. I, Сцяшк. МГ, Касп., Шат.); таксама брава́рка (Шат., БРС). Няяснае слова. Адсутнічае ў суседніх мовах. Падобнае на запазычанне, але адкуль. Параўн. лац. brevis (breve) ’кароткі’; але праз пасрэдніцтва якой мовы адбылося запазычанне?

Бра́га (у розных значэннях) (БРС, Янк. I, Касп., Нас., Шат., Бяльк.). Рус. бра́га, укр. брага, польск. braha (< усх.-слав. моў). Лічылася запазычанне з кельт. моў (параўн. ірл. braich ’солад’, кімр. brag ’тс’). Бернекер, 80; Шахматаў, AfslPh, 33, 87; Брукнер, 38; Лер-Сплавінскі, RS, 18, 6; Машынкі, Pierw., 68. Але хутчэй за ўсё гэта запазычанне з цюрк. моў (*бърага < чуваш. pɛraGa). Гл. Фасмер, 1, 205 (там іншая літ-ра і іншыя малапраўдападобныя версіі). Параўн. яшчэ MESz, 1, 366 (венг. bráha), дзе ёсць меркаванні да этымалогіі слав. слова.

Брага́ць ’прасіць’ («Будзем госпада бога брага́ць», Маш.). Машынскі (Pierw., 85) дапускае магчымасць запазычання з польск. błagać і з’яўленне ‑р‑ (замест ‑л‑) пад уплывам слова прасі́ць. Незалежна ад пытання пра запазычанне лепш тут бачыць уплыў іншай формы дзеяслова прасі́ць*праха́ць (параўн. укр. проха́ти ’прасіць’). Гл. Краўчук, БЛ, 1975 < 7), 66.