Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́лькі ’выключна, адзіна, ’зусім нядаўна’, ’ледзь, ледзьве’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ, Растарг.), ’столькі’ (Сцяшк., ЛА, 5), то́лька, ’выключна; ледзь’ (Бяльк.), ’столькі, у такой колькасці’ (смарг., Сл. ПЗБ), то́лько ’выключна, адзіна’ (вільн., Сл. ПЗБ), ’тс’, ’столькі’ (ТС), туо́лько ’выключна, адзіна; столькі, у такой колькасці’ (беласг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. толико ’толькі, столькі’ (Ст.-бел. лексікон), только ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж то́лякі ’нядаўна’ (Сцяшк. Сл.), то́лечка ’толькі’ (Гіл.), то́лечкі ’тс’ (Янк. 2), ’толькі (памяншальнае)’ (Растарг.), ’толькі што’ (Жд. 1), то́лечкі ’тс’ (Ян., Мат. Маг., Нар. Гом.), то́лячкі ’тс’ (Чэрн., Сцяшк. Сл.), то́лічка ’малая колькасць’, то́лічкі ’чуць-чуць’ (Нас.). Укр. ті́льки ’адзіна, выключна’, ті́лько ’тс’, дыял. ’столькі’, рус. то́лько ’выключна; ледзь; аднак’, польск. tylko ’тс’, чэш. tolik ’столькі’, toliko ’выключна’, славац. toľko ’столькі’, toľký ’такі вялікі, такі значны’, славен. tolíko ’столькі’, tólik ’такі вялікі’, серб.-харв. то̏лико, толѝко ’столькі’, макед. толку ’тс’, балг. то́лко ’тс’. Прасл. *toliko прысл. ад *tolikъ ’такі вялікі, такі на колькасці’, якое з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прасл. *toli ’столькі’, параўн. укр. дыял. ті́лький ’такі па колькасці’, рус. дыял. только́й ’такі’, старое польск. tylki, telki ’такі вялікі, такі па велічыні’, чэш. дыял. telký, teľký ’тс’, славац. toľký ’тс’, в.-луж. telki ’такі вялікі’, славен. tólik ’тс’, серб.-харв. толѝки ’тс’, дыял. tolȉk ’тс’, балг. дыял. то́лки ’тс’, ст.-слав. толикъ ’такі вялікі, такі шматлікі’. У неславянскіх мовах аналагічныя ўтварэнні — грэч. τηλίκος ’такі вялікі, такі моцны’, лац. tālis ’такі; такі важны, значны’ (Фасмер, 4, 74–75; Брукнер, 589; Махэк₂, 646–647; Бязлай, 4, 194; ЕСУМ, 5, 579; Борысь, 658). Паводле ESSJ SG (2, 682), парадак словаўтварэння адваротны: *tolikъ ад *toliko.

То́льма ’толькі’ (Стан.), то́льмі ’тс’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. то́льма, то́льми ’(с)толькі’, польск. дыял. tylma, tylmo ’ледзь, амаль’, славац. toľme ’толькі’, ст.-слав. тольма, тольми ’(с)толькі’. Прасл. *tolьma/*tolьmi вытворныя ад *toli (< *to‑li) з канцавой часціцай *‑т (‑та, ‑ті) аналагічна, як у вельмі, вельма, гл. ESSJ SG, 2, 682–683; 1, 320.

Том ’асобная кніжка са збору кніг’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. томъ ’тс’ (1598 г., КГС). Запазычана праз польск. tom ’тс’ з франц. tome ’тс’ < лац. tomus ’тс’, што ўзыходзіць да грэч. τομος ’частка, адрэзак, том’ ад τάμνω ’рэжу’ (Фасмер, 4, 75; ЕСУМ, 5, 595).

То́міць ’таміць, мучыць’ (навагр., Сл. ПЗБ). Гл. таміць.

То́мка ’баркун, Melilotus officinalis Lam.’ (Нас., Байк. і Некр., Кіс.), ’духмяны каласок; гандлёвая назва баркуну’ (Стан., Дэмб. 1, Мат. Гом.), ’баркун, Melilotus officinalis Desr.’ (Касп.), то́мка пахучая ’духмяны (пахучы) каласок, Anthoxanthum odoratum L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), ’пахучакаласнік’ (Кіс.). Укр. дыял. то́мка ’пахучая трава Anthoxanthum odoratum L.; зуброўка, Hierochloë australis’, чэш., славац. tomka ’гладун, Herniaria glabra’, а таксама чэш., славац. tomkovice ’гладун’, рус. дыял. томкови́ца ’тс’. З польск. tomka, tonka ’пахучая трава’, у тым ліку ’пахучы каласок’, ’зуброўка’ і інш., дыял. tomkownica ’гладун’, якія сталіся вынікам скарачэння і дээтымалагізацыі tonkobób, tonkowy bób, tonkowe ziarna ’экзатычная расліна Dipteryx’. Назва скалькавана з ням. Tonkabohne ’боб тонкі’, Tonkabaum ’Dipteryx odorata’ — назвы расліны, чые размолатыя плады дадавалі да табакі дзеля прыемнага паху. Польск. tonka, tonka wonna трансфармавалася ў tomka і было перанесена на іншыя пахучыя расліны (Махэк₂, 647; Слупскі, Зб. памяці Слаўскага, 352–353; ЕСУМ, 5, 596).

То́мна ’цёмна’ (Бяльк.). Няясна; дэафрыкатызацыя цёмна (пад рускім уплывам)? Параўн. цьма/тма, гл.

То́мны ’стомлены’ (калінк., Сл. ПЗБ, Ласт., Пятк. 2), то́мный ’хворы, нездаровы (пра жывот, цела і пад.)’ (Бяльк.). Вытворныя ад тамі́ць, гл. Сюды ж то́мна ’цяжка (ад душэўных перажыванняў’) (Бяльк.), ’кепска, дрэнна’ (Касп.), ’кепска, млосна’ (Стан.), то́мнасьць ’стомленасць’ (Мат. Гом.), ’томнасць, знямога ад душэўных перажыванняў’ (Бяльк.).

Тон1 ’гук пэўнай вышыні’, ’характар гучання’, ’стыль паводзін’, ’колер, афарбоўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Ton, франц. ton, англ. tone, якія паходзяць ад лац. tonus ’тон, гук’ < грэч. τόνος ’тон, лад; націск’ (Фасмер, 4, 76; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 484; ЕСУМ, 5, 596).

Тон2 ’вір, затон’ (ТС): як у тон утанула ’прапала’ (калінк., Арх. ГУ; ТС), сюды ж то́на ’адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай’ (Мат. Гом.). Зваротны дэрыват ад тануць (гл.) з наступнай канкрэтызацыяй значэння, гл. тонь1, тоня.

Тона ’адзінка вагі, роўная 1000 кілаграмаў’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tonne, англ., нідэр. ton ’тс’ < франц. tonne ’тс’, першапачаткова ’вінная бочка’ < гальск. tŭnna ’мех для віна’. (Фасмер, 4, 77; ЕСУМ, 5, 597; Чарных, 2, 520; Голуб-Ліер, 493).

То́нба ’завала, засоў’ (Рам. 1, Нар. Гом.). Няясна.