Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Го́рны1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл. *gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).

Го́рны2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус. дыял. гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск. garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв. гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл. *gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.

Го́стры. Гл. во́стры.

Госць ’госць’ (БРС, Шат.). Рус. гость, укр. гість, польск. gość, чэш. host, серб.-харв. го̑ст, ст.-слав. гость. Прасл. *gostь. Роднасныя формы: гоц. gasts ’чужы, чужаземец’, ням. Gast ’госць’, лац. hostis ’чужы, госць’, ’чужаземец, вораг’. Гл. Бернекер, 337; Траўтман, 80; Фасмер, 1, 447; Слаўскі, 1, 328; Трубачоў, Эт. сл., 7, 67–68.

Го́цаць. Гл. го́йсаць.

Го́шча ’густа зарослая лесам даліна’. Гл. га́шча.

Граб ’назва дрэва Carpinus betulus’ (БРС, Шат., Касп.). Прасл. форма *grabъ (параўн. яшчэ рус. граб, укр. граб, польск. grab) і таксама *grabrъ (балг. га́бър, славен. gȃber, чэш. habr). Роднасныя формы: ст.-прус. wosigrabis ’брызгліна’, макед. γράβιον ’драўніна пэўнай пароды дуба і г. д.’ Гл. Фасмер, 1, 449. Параўн. агляд у Трубачова (Эт. сл., 7, 99–100), які думае пра роднаснасць са слав. *grebǫ, *grebti (назва ўзнікла, магчыма, у перыяд даўняга збіральніцтва).

Граба́р ’землякоп’ (БРС, Шат., Касп.). Ст.-бел. кграбаръ, грабар ’тс’, вядомае ў помніках з XVI ст. Запазычанне з польск. grabarz ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. grabaere (ням. Gräber). Гл. Слаўскі, 1, 333; Булыка, Запазыч., 150–151; Рудніцкі, 715.

Гра́біць ’грабіць’ (БРС). Параўн. рус. гра́бить, укр. гра́бити, польск. grabić, балг. гра́бя, ст.-слав. грабити і г. д. Прасл. *grabiti ’хапаць, грабіць, браць; зграбаць і да т. п.’ Да і.-е. *ghrōbh‑; параўн. ст.-інд. grāháyati ’прымусіць схапіць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 97; Фасмер, 1, 449–450; Траўтман, 95–96; Бернекер, 1, 344; Слаўскі, 1, 333–334. Ад гэтага прасл. дзеяслова ўтворана *grabja, *grabji ’граблі, грэбень’ (’тое, чым зграбаюць’): бел. гра́блі, рус. гра́бли, укр. граблі́, польск. grabie, чэш. hrábě і г. д.

Гра́блі ’граблі’. Гл. гра́біць.

Грабя́ст ’жэрдзі’ (Касп.). Гл. драбёст.