Ёлкасць ’горыч’ (Янк. III, Яруш.), рэгулярна да ёлкі (гл.).
Ёлкі ’ёлкі, горкі’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Янк. II, Янк. Мат., Гарэц., Яруш.). Укр. ілкий, рус. ёлкий, польск. jełki, iłki ’тс’. Аднак паралелі не абмяжоўваюцца ўсх.-слав. і, магчыма, польск. моўнай тэрыторыяй. Махэк₂ (729) выводзіць чэш. žluknouti ’прагоркнуць’ з *jьzjьlъk‑nǫti, а Гадравіц (ZfS, VII, 1962, 651–652) сюды ж адносіць серб.-харв. žlkak, славен. žolhek ’горкі, ёлкі’. Такім чынам, слова мае рысы праславянскага ўтварэння, можа быць рэканструявана, як еlъkъ < еlъ (й — аснова) + рэгулярная для гэтай асновы ‑къ‑суфіксацыя; еlъ у сваю чаргу ад оlъ (балта-слав. назва піва) (Трубачоў, Эт. сл., 6, 22).
Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).
Ёлупень ’дурань, асталоп’ (Бяльк., БРС, ТСБМ, Бір. Дзярж., ТС) да папярэдняга. Рэгулярная словаўтваральная мадэль. Параўн. вязень < увязаць. Абсалютная большасць такіх імён аддзеяслоўнага паходжання (SP, 1, 138), што таксама пацвярджае апошнюю этымалогію ёлуп.
Ёмка ’чапяла’ (БРС, ТСБМ, Шат., Сцяшк., Мат. Гом., Шатал., Шн., Выг., Янк. I, БДА, Маш.). Рус. ёмка ’тс’ да прасл. ęti, jьmǫ ’браць’.
Ёмкі 1 ’зграбны, спрытны, зручны’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., СБГ, Мат. Гом., Мядзв., Жд. I, Марц., Янк. III). Рус. ёмкий ’тс’, укр. емкий ’тс’ — усходнеславянская інавацыя з семантычным пераходам ’ёмісты, вялікі, сільны’, ’зграбны, спрытны, зручны’. Не выключай, аднак, балтыйскі ўплыў. Параўн. літ. imlùs, jamlùs, jamùs ’спрытны’ (Фрэнкель, 185). Балтыйскія прыметнікі маюць аснову на ‑й‑, да якой на славянскай моўнай глебе заканамерна дадаваўся фармант ‑ъкъ. Параўн. ёмкі 2.
Ёмкі 2 ’ёмісты, вялікі, ладны’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Яруш.). Рус. ёмкий ’тс’. Беларуска-руская інавацыя з ‑ъкъ‑ суфіксацыяй ад прасл. ęti, jьtmǫ ’браць’. Параўн. літ. imù, im̃ti ’тс’, лац. ēmō, emere ’прымаць’.
Ён, яна, яно ’асабовы займеннік 3‑й ас. Укр. він, вона, воно, рус. он, она, оно, ст.-рус. онъ, она, оно, балг. он, она, оно, серб.-харв. о̏н, о̀на, о̀но, славен. òn, óna, óno, польск. on, ona, ono, чэш. on, ona, ono, в.-луж. won, wona, wono. Ётацыя пачатку беларускіх форм пад уплывам ускосных склонаў (ён — яго) (Карскі, 1, 304–305). Іншыя індаеўрапейскія паралелі: літ. añs ’тс’, ст.-іран. ana‑ ’гэты’ і інш. (ESSJ, 2, 529–533).
Ёрбалка ’бервяно, на якое кладзецца столь’ (Касп.). Магчыма, кантамінаваная форма. Крыніца першай часткі слова (ёр‑) невядомая.
Ёрзаць, ёрзацца ’неспакойна сядзець, круціцца’ (БРС, ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Бяльк., ТС), ёрза ’непаседлівы чалавек’ (Мат. АС, З нар. сл.). Рус. ёрзать ’неспакойна сядзець, круціцца, мітусіцца, церціся аб штосьці, дамагацца’, ёрза ’непаседа, дураслівец, свавольнік, гарэза’, ёрзун ’які любіць заляцацца да жанчын, распуснік’, ёрзунья ’распусніца’. Гэта беларуска-рускае слова, магчыма, балтыйскага паходжання. Параўн. літ. er̃žilas, ar̃žilas ’жарабец’, eržùs, aržùs ’прагны, пахатлівы’. У якасці непасрэднай крыніцы ў такім выпадку была б заходнебалтыйская форма.
Ёрш ’Acerina cernua L.’ (ТСБМ). Рус. ёрш ’тс’. Паралелі за межамі беларуска-рускага арэала невядомыя. Укр. йорш — запазычанне з рус. мовы.