Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Капы́та, капыт ’капыты’, укр. копито, рус. копыто, чэш. kopyto, славац. kopyto, польск. kopyto, в.-луж. kopyto, н.-луж. kopyto, балг. копито, серб.-харв. ко̀пито, славен. kapíto. Існуюць дзве версіі паходжання гэтага праславянскага слова. Першая: ад капаць (параўн. kopać ’капаць і біць нагой, капытам’, ст.-рус. копысати ’выкідваць зямлю капытамі’ (Бернекер, 565; Фасмер, 2, 320). Шпэхт (Der Ursprung, 85) параўноўвае прасл. kopyto і ст.-інд. śapháh, ст.-іран. safa ’капыт’, ст.-ісл. hófr, ст.-в.-ням. huof ’тс’. У абедзвюх версіях нявытлумачанай застаецца суфіксацыя ‑yto, якая не характэрна для славянскай моўнай глебы (вакалізм ‑y‑ даволі рэдка сустракаецца ў фарманце ‑to (SP, 11, 40). Уражвае адсутнасць паралелей у балтыйскіх мовах. Польск. kopać і ст.-рус. копысати маглі атрымаць другаснае значэнне над уплывам kopyto. Можна, аднак, звесці дзве версіі да адной, калі звярнуць увагу на індаеўрапейскія паралелі да прасл. kopati; ст.-грэч. σκάπτω ’капа́ю’, σκάπετος, κάπετος ’капанне’ (і.-е. *(s)k̑ap). Тады ў нашым выпадку можна рэканструяваць пачатковае і.-е. *(s)k̑ з падвойнай рэфлексацыяй у мовах satəm: *(s)k і (Мартынаў, Слав. аккам., 154).

Капы́тка ’жаночы галаўны ўбор з матэрыі’ (Шатал.). Назва звязана з формай убору. Ці запазычаны з польск. kapica, kapka ’чапец’? (гл. Слаўскі, 2, 54–55).

Капы́тнік ’Asarum europaeum’ (Шат., Кіс.), ’падалешнік’. Назва паходзіць ад формы ліста, падобнага да капыта’ (гл. Лекарств. раст. и их применение, Минск, 1977, с. 131, рыс. 61), ’Plantago L.’ (Сцяшк.), ’трыпутнік’. Магчыма, тое самае тлумачэнне назвы.

Капы́ца ’круглы раменьчык, якім звязваюць часткі цэпа’ (Выг.). Параўн. польск. kapica ’тс’, якое ад ст.-польск. kapica ’манашаскі ўбор, каптур’ (Слаўскі, 2, 54).

Капы́ціцца ’быць упартым’, ’капрызнічаць, гарачыцца’ (Яўс.), ’спатыкацца (пра каня)’ (Нас., Шат.). Да капыта? Параўн. капыціцца ’спатыкацца (пра каня)’ (ТСБМ). Магчыма, таксама кантамінацыя з капырсціцца (гл.).

Капэ́лія, капэля ’гурт, вялікая кампанія (неадабральна)’ (Бяльк., Бір. Дзярж.). Першапачаткова ’група музыкантаў’ (параўн. капэля) з польск. kapela ў тым жа значэнні ад ранейшага ’група музыкантаў, якая выступала ў капліцы’ (Слаўскі, 2, 52–53). Польск. kapela, ням. Kapelle, с.-лац. caplela (гл. капэля).

Капэ́ля ’група музыкантаў’ (Ант. бел. нар. песні) (гл. папярэдняе).

Капя́к1 ’насып зямлі’ (Нас. Доп.), параўн. бел. капец (гл.) з іншым фармантам, да капаць (гл.).

Капя́к2 ’невялікі стажок сена’ (З нар. сл.). Да капа́ (гл.).

Капялю́х, варыянт да капялюш з тым жа значэннем (Гарэц., Др.-Падб.), таксама запазычанне з польск. kapeluch ’тс’ (Слаўскі, 2, 53–54).

Капялю́ш ’від галаўнога ўбору з палямі’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.), з польск. kapelusz, якое з с.-лац. capellus ’тс’ (гл. капялюх).