Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трактарэ́йка ’хатняя кветка (?)’ (Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, назва ўзыходзіць да лац. trachycraterum, польск. chropawiec ’?’.

Тракта́т ’навуковая праца па пэўнай праблеме’, ’міжнародны дагавор, пагадненне’ (ТСБМ), ст.-бел. трактатъ ’дагавор’, ’сярэдневяковы навуковы твор’, трактаты ’перагаворы’ (1567 г.) — са ст.-польск. traktat ’дагавор’, ’трактат’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якія з лац. tractātus = tractātio ’абмеркаванне, разгляд, трактоўка’, ’абыходжанне з нечым’ (Фасмер, 4, 93; Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 616).

Трал ’вялікая сетка для лоўлі рыбы з суднаў’, ’гідраграфічныя прылады для даследавання марскога дна’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з англ. trawl ’грунтавы невад у выглядзе доўгага мяшка’, ’цягнуць сеткі па дну’ < лац. tragula ’невад’ (Фасмер, 4, 93; ЕСУМ, 5, 617).

Трале́йбус ’шматмесная пасажырская машына з электрычнай цягай’ (ТСБМ), тролʼејбус ’тс’ (Вруб.). З рус. тролле́йбус або польск. trolejbus, што з англ. trolleybus; складаецца з trolley ’ролікавы токапрыёмнік’ і ‑bus — элемент слоў omni‑bus альбо auto‑bus; марфема ‑bus — гэта частка лац. omnibus ’для ўсіх, усім’ (Чарных, 2, 264; Голуб-Ліер, 490; ЕСУМ, 5, 647).

Тра́льня ’мяльшчыца (якая трэ лён)’ (Сцяшк., Мат. Гом., Мат. Гродз.). З тра́льля ў выніку распадабнення лʼ > нʼ, параўн. без падваення зычных тра́ля (Сл. ПЗБ), а таксама этымалагічна блізкія серб. тра̏ља, харв. trȁlja ’неахайная жанчына’, што з’яўляюцца незалежнымі ўтварэннямі, якія ўзыходзяць да *terti ’церці’. Магчымы ўплыў тэматычна блізкіх ткальня < ткалля, пральня < пралля і пад.

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tranдыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Трамані́ць (трымані́ць) ’гаварыць абы-што, хлусіць’ (Мат. Гом.). З прамані́ць, праману́ць ’прыдумаць, надумацца’, якое з літ. pra(si)manýti ’выдумляць, выдумваць’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 71).

Трамаце́ць ’мігцець (пра зоры на марозе)’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’пералівацца (пра кветкі)’ (ваўк., ЛА, 2), ’ззяць’ (узд., Сл. ПЗБ). Дзеяслоў шматразовага дзеяння ад трамце́ць, трымцець, гл.

Трамбава́ць ’шчыльна ўкладваць, закладваць, прыціскаючы, і выраўноўваць паверхню рыхлай масы’ (ТСБМ, Шат.; пух., Сл. ПЗБ), трэмбова́ті ’збіваць гліну’ (пруж., ЖНС). Са старога польск. trambować ’тс’, якое з нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, с.-н.-ням. trampen ’тупаць нагамі’, англ. tramp ’цяжка ступаць, тупаць’ (КЭСРЯ, 449). Рус. трамбова́ть таксама запазычана з польскай мовы ў XIX ст. — насуперак Фасмеру (4, 93), які рускую лексему выводзіць непасрэдна з нямецкай крыніцы. Паводле ЕСУМ (5, 618), з’яўляецца гукапераймальным утварэннем.