Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Струп1 ‘корка на ране’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘прышч’ (Сл. ПЗБ), стру́піна ‘засохлы струп’ (Нас.), зборн. стру́пʼя, стру́пʼе ‘адходы пры прадзенні кудзелі’ (Нас., Сл. ПЗБ; мёрск., Шатал.); сюды ж стру́пля ‘праказа’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. струп, стараж.-рус. струпъ ‘рана; труп’, польск. strup ‘струп’, strupy ‘воспа; перхаць’, в.-луж. trup, н.-луж. tšup, чэш., славац. strup, серб.-харв. стру̑п ‘парша’, славен. strup ‘яд’, балг. струп ‘струп’, макед. струп ‘кароста’, ст.-слав. строупъ ‘рана, болька’. Прасл. *strupъ ‘струп’ параўноўваецца з ст.-в.-ням. strûben ‘падымацца, стаяць строма, уздымаць, гарчэць’, с.-в.-ням. strúben, с.-н.-ням. strȗf ‘шурпаты, грубы’, ст.-сакс. strûf ‘узлахмачаны’, грэч. στρῡφνός ‘цвёрды, мулкі, моцны’ (гл. Фасмер, 3, 784; там жа і літ-ра), якія ўзыходзяць да і.-е. кораня *streu̯p‑/*streu̯b‑ < *ster‑ ‘мулкі, цвёрды’ (Борысь, 583). На іншую думку, звязана чаргаваннем галосных з ц.-слав. стръпътъ ‘шурпатасць, мулкасць’ і збліжана да грэч. ρύπον ‘бруд, нечыстата’ (Сольмсен, KZ, 37, 600; Покарны, 1004; Бязлай, 335–336). Махэк₂ (584) славянскае слова параўноўвае з літ. raũpas ‘воспа’, raũpsas ‘праказа’, лат. raupa ‘гусіная скура’ і польск. rupić się ‘скрабці’ і мяркуе аб рухомым ‑s‑ і ўстаўным ‑t‑ у славянскіх формах. Гэтую этымалогію лічыць найбольш прымальнай Мяркулава (Этимология–1970, 189 і наст.). Менш верагодныя роднасць з ст.-ісл. hriúfr ‘грубы, няроўны; пракажоны’, hrufa ‘парша’, ст.-в.-ням. hruf ‘тс’, як мяркуе Уленбек (гл. Фасмер, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 454.

Струп2 (strüp) ‘верхняя частка даху’ (Тарн.), струпо́к ‘верх, вяршыня’ (Сл. Брэс., Клім.). Да строп (гл.) з палескім пераходам о > у ў закрытых складах. Сюды ж, відаць, і струп у фразеалагізме: пад адзін струп ‘адно пад адным (дзеці з малою розніцаю ў гадах)’ (Янк. БФ., 292).

Струп3 ‘ніжняя частка снапа’ (жыле., Выг.). Няясна.

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.

Струга́ць ‘знімаць стружку’, ‘наразаць тонкія вузкія палоскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.; валож., Сл. ПЗБ), струга́тэ ‘крышыць’ (кам., Сл. ПЗБ), ‘абіраць бульбу’ (ТСБМ, Жд. 3), стру́жыць ‘стругаць’ (ТС), стругану́ць ‘дзьмухнуць’ (Мат. Гом., Янк. 3.), стру́ганы ‘абскрабаны (пра бульбу)’ (узд., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. струга́ти, рус. строга́ть, струга́ть, стружи́ть, стараж.-рус. стръгати, стругати, польск. strugać, в.-луж. truhać, н.-луж. tšugaś, чэш. strouhat ‘церці; стругаць’, славац. strúhat’, серб.-харв. стру́гати, славен. stŕgati, strúgati, балг. стъ́ржа, макед. струга, струже, ст.-слав. стръгати. Прасл. *strъgati; форма *strugati другасная, утвораная на аснове форм цяп. часу (Борысь, 582). Роднаснае лат. strũgaîns ‘паласаты’ (*strūga ‘паласа’), ст.-ісл. striùka ‘гладзіць, сціраць’, фрыз. strôk ‘паласа’; гл. Фасмер, 3, 779 з літ-рай; Шустар-Шэўц, 1535. Да і.-е. кораня *streu̯g‑ ‘сціраць, гладзіць, апрацоўваць вострай прыладай’ (Борысь, там жа; Бязлай, 3, 324; ЕСУМ, 5, 451 з аглядам версій).

Сты́д ‘сорам, ганьба’ (Нас., Ласт., Гарэц., Варл.; брасл., мядз., маст., Сл. ПЗБ; Бяльк., ТС, ЛА, 3), сюды ж стыдо́тте ‘тс’ (Сл. Брэс.), стыдо́цыя ‘тс’ (брэсц, З нар. сл.), стыдзі́цца ‘саромецца’ (Бяльк., ТС; шальч., ганц, Сл. ПЗБ), стыда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. Гом., Сцяшк., Др.-Падб., Жд. 2), стыдзі́ць ‘сароміць’ (в.-дзв., шальч., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.), сты́дна ‘сорамна’ (Бяльк., ТС), сты́дна, стынна ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сты́дны ‘бессаромны’ (Ян.), стыду́лька ‘сараматніца’ (там жа). Параўн. укр. стид, рус. стыд, польск. wstyd, чэш. styděti se ‘стыдзіцца’, славац. stydieť sa ‘тс’, серб.-харв. сти̑д ‘стыд’, ст.-слав. стыдъкъ ‘агідны’. Прасл. *stydъ. Звязана чаргаваннем галосных з *studъ (гл. студзіць) з шырокай семантыкай ад ‘холад’ да ‘непрыемнасць, ганьба, страх, сорам, агіднасць’ (Ларын, История, 65; Бязлай, 3, 338). Махэк₂ (590) *stydъ лічыць больш познім аддзеяслоўным дэрыватам ад прасл. *(о) stydati ‘стыдзіцца’; паводле Борыся (713), *stydъ < styděti ‘стыдзіць’, а *studъ і *stydъ адлюстроўваюць праславянскую альтэрнацыю u:y:ъ (Борысь, Etymologie, 385).

Стаўбу́н1 ‘збан’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Жд. 3, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам’, ‘слуп чаго-небудзь (пылу, дыму), які падымаецца ўверх’, ‘віхор, ураганны вецер’ (ТСБМ), а таксама ‘кветаноснае сцябло’ (Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кадаўб’ (Сл. ПЗБ), ‘грубка’ (Сцяшк.), стаўбу́н, сталбу́н ‘гарлач (збан); гліняны гаршчок з ручкамі’, значэнні і лінгвагеаграфію гл. ЛА, 1; з іншай суфіксацыяй стоўба́к ‘высокая вузкая бочка’ (Юрч. Вытв.), стоўба́н ‘тс’, перан. ‘галава’ (там жа), стаўбу́нік ‘высокая і вузкая шафа’ (Сл. рэг. лекс.), стаўбуне́ць ‘расці не ў карняплод, а ў сцябло’, стаўбуні́цца ‘ўзнімацца слупам (пра дым, зямлю)’. (ТСБМ). Укр. стовбу́н ‘высокі гаршчок’, рус. столбу́н ‘высокі і вузкі збан’. Да стоўб з суф. ‑ун, ‑ак, ‑ан. Сюды ж стаўбу́н ‘высокая футравая шапка без вушэй’ (Жд. 1), стамбуно́ўка ‘тс’ (Шат.), стаўбуноўка ‘тс’ (гродз., Нар. сл.).

Стаўбу́н2 ‘параліч, паралюш’ (Растарг.). Да стоўб (гл.), параўн. рус. столбня́к ‘заражэнне крыві, якое выклікае аслупяненне’. Сюды ж, відаць, стаўбні́к, стаўбня́к ‘расліна стальнік’ (Сцяшк. Сл.), якую «рвуць на лекі» (там жа).

Страка́ты ‘рознакаляровы, разнашэрсны, плямісты, пярэсты’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл.; астрав., шальч., вільн., Сл. ПЗБ), стрыка́ты ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.), строка́тый ‘масць чорная з белым або чорная, белая і чырвоная’ (Клім.), стрэка́тый (стрека́тый) ‘плямісты, пярэсты’ (Нас., Мядзв.). Укр. строка́тий ‘плямісты; пярэсты (аб масці жывёліны)’, чэш., славац. strakatý ‘тс’. Узводзяць да рус. строка, г. зн. ‘усыпаны кропкамі’ (Фасмер, 3, 781), якое звязана чаргаваннем галосных з стрыкаць і першапачаткова значыла ‘ўкол’, параўн. строк, гл. Іншая магчымасць — з пстрака́ты (гл.), параўн. польск. pstrokaty (ад pstry, Варш. сл., гл. пёстры), што звязана з srokaty ‘тс’, суадноснае з укр. сорока́тий ‘тс’, в.- і н.-луж. srokaty ‘тс’, славен. srákast ‘тс’. Фурлан (гл. Бязлай, 3, 302) узводзіць названыя формы да прасл. *sorkъ ‘плямісты, пярэсты, рабы’ з і.-е. *ḱorkos ‘чорны, чарнявы, рабы’, ад якога паходзіць і прасл. *sorka ‘сарока’, роднасныя ст.-інд. śārá ‘плямісты, рабы, пярэсты’. Сюды ж і стракаце́ць ‘пярэсціцца’ (ТСБМ), стракаці́зна ‘вяснушкі’ (шальч., Сл. ПЗБ).

Стары́ ‘шматгадовы’, ‘даўні’, ‘зношаны’, ‘старажытны, мінулы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж дзеяслоў старэ́ць (ТСБМ). Параўн. укр. ста́рий, рус. ста́рый, стараж.-рус. старъ, польск., в.-луж., н.-луж. stary, чэш., славац. starý, серб.-харв. ста̏р, славен. stàr, балг., макед. стар, ст.-слав. старъ. Прасл. *starъ ‘стары’ з’яўляецца архаічным прыметнікам з суф. *‑rъ ад дзеяслова *stati ‘стаць’; гл. Борысь, 577–578. Роднасныя літ. stóras ‘тоўсты, аб’ёмісты’, ст.-ісл. stórr ‘вялікі, дужы, важны, мужны’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. sthirás ‘моцны’ (Фасмер, 3, 747 з літ-рай). Борысь (там жа) з улікам семантыкі і.-е. паралеляў прапаноўвае наступны шлях семантычнага развіцця славянскага *starъ: ‘сталы, моцны’ → ‘той, які знаходзіцца ў поўнай сіле, дужы’ → ‘немалады, стары’; уласна, гэта семантычная інавацыя, якая часткова выцесніла прыметнік *větьxъ (гл. ветхі). Гл. яшчэ Сной₁, 604; Шустар-Шэўц, 1355; Глухак, 580; ЕСУМ, 5, 398. Паводле Мартынава (Язык, 84–85), семантычны зрух у праславянскай ‘вялікі, моцны’ → ‘стары’ адбыўся пад уплывам *matorъ ‘сталы, стары’ — пранікнення з італійскіх моў, параўн. лац. mātūrus ‘спелы, стары’, гл. мацёры.

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Стро́мкі ‘круты, абрывісты’, ‘роўны, высокі, стройны’ (ТСБМ, Ласт.), ‘роўны і высокі’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘абрывісты’ (Касп.), ‘тонкі, высокі, стройны’ (Бяльк., Нар. Гом.), ‘круты (аб страсе)’ (Варл., Сл. ПЗБ), стро́мы ‘вельмі круты; круты, стромкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), стро́мкі ‘круты; высокі і тонкі’ (ТС), стро́мка ‘тонка і высока, стройна’ (Гарэц.), стро́мкость ‘круцізна’, стромчы́на ‘тс’ (ТС). Укр. стрімкий ‘круты, абрывісты’, стромый ‘тс’, рус. стромкий ‘высокі, круты’, ст.-рус. (XV ст.) стромый ‘тс’, польск. stromy ‘круты’ (з усх.-слав. моў — Борысь, 580). Прасл. дыял. *stromъ, паводле Борыся (там жа), аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *strъměti ‘тырчаць, выпінацца’; прыметнік страмны́ ‘круты, абрывісты’ (воран., Сл. ПЗБ), разам з рус. стрёмый, стрёмный ‘хуткі’, чэш. strmý ‘круты’, славац. strmý ‘тс’, ‘інтэнсіўны, моцны, хуткі’, славен. stŕm ‘круты, абрывісты’, балг. стръ́мен ‘тс’, макед. стрм ‘тс’, ст.-слав. стрьмъ ‘тс’, адлюстроўваюць прасл. *strьmъ, *strьmenъ, прыметнікі, што захоўваюць зыходны вакалізм дзеяслова *strьměti (Борысь, Etymologie, 180; Глухак, 589; Варбат, Этимология–1994–1996, 39). Параўн. стро́ма ‘абрыў’, гл. страміна́. Звязана чаргаваннем галосных з стрымгалоў (гл.); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781.