Гайда́к ’від танца’ (Мат. Гом., 3; Шн.). Відавочна, кантамінацыя слова гайду́к ’від танца’ (гл.) і гайда́ць. Не выключаецца, што пэўны ўплыў магло таксама мець і слова га́йда! (гл.).
Гайдама́к ’гайдамак’ (БРС), гайдама́ка ’разбітны чалавек, гуляка, п’яніца’ (Нас., Мал.), гайдама́чыць ’весці марнатраўнае жыццё’, ’мантачыць’ (Нас.). Рус. гайдама́к. Запазычанне з укр. гайдама́ка, а гэта з тур. hajdamak ’грабежнік’. Гл. Фасмер, 1, 383 (там і іншая літ-ра).
Га́йданка ’гушкалка’ (Сцяшк.), гайда́нка ’арэлі’ (Янк. II), гайда́нка (БРС) = рус. ’качка, боўтанка’. Утварэнне ад гайда́ць, гайда́цца (гл.) паводле аналагічнай мадэлі гуля́ць — гуля́нка.
Гайда́р, гайда́й ’паганяты жывёлы’ (палес., Выгонная Л. Ц., вусн. паведамл.), гайда́й, гойда́й ’гандляр коньмі’ (лун., Шатал.). Параўн. Вяр.-Крыв.гайдай у песнях (Дзмітр.). Як відаць з геаграфіі слова, у бел. мове яно вядома толькі на поўдні. Укр. гайда́р(ь), гайдай ’пастух авечак’ (агляд іншых форм гл. у Рудніцкага, 528). Як мяркуе Рудніцкі (там жа), мабыць, ад выклічніка га́йда́ (цюрк.). Гэта этымалогія ёсць ужо ў Цімчанкі. Слоў гайда́р, гайда́й няма, здаецца, у рус. мове (няма ў Даля і ў СРНГ). Можна думаць, што гэтыя словы ўтварыліся ва ўкр. мове (параўн. і ўкр. прозвішча Гайда́й, Гайда́р).
Гайда́ць (БРС, Шат.), укр. гойда́ти. Паводле Рудніцкага (673), утварэнне на базе выклічніка гой!, гойда!
Гайда́чыць ’марнатравіць, транжырыць’ (Юрч.). Відавочна, ад гайда́к ’від танца’. Першапачатковае значэнне ’танцаваць, скакаць’.
Гайду́к ’гайдук’ (БРС, Яруш.), ’казачок у памешчыка; дарослы слуга, высокі, у прыгожым убранні’ (Шат.), ’служка ў багатага пана; аб’ездчык па віннаму водкупу; чумак, работнік на стругах, барках і да т. п.’ (Нас.). Рус. гайду́к. Запазычанне з укр. гайду́к, польск. hajduk ’тс’ < венг. hajdúk (мн. л. ад hajdú). Фасмер, 1, 383–384; Бернекер, 1, 375; Локач, 61 і далей. Гл. таксама падрабязна Слаўскі, 1, 392. Сюды ж гайду́к ’назва танца’ (Нас.), польск. hajduk ’тс’ (Слаўскі, там жа). Слаўскі лічыць, што ў рус. і ўкр. мовах гайдук — запазычанне з польск. Параўн. і Шанскі, 1, Г, 11. Ст.-бел. гайдукъ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч., 76). Незразумела, чаму Булыка (там жа) лічыць, што венг. hajduk запазычана з тур. hajdud.
Гайдэ́шка ’арэлі’ (Янк. II). Да гайдаць (гл.).
Га́йка ’гайка’, ’жалезнае кольца, якое набіваецца на што-н. для змацавання’ (БРС, Касп., Нас.). Рус. га́йка, укр. га́йка. Паводле Фасмера (1, 384), цяжкае слова. Шанскі (1, Г, 11–12) мяркуе, што ўкр. і бел. словы запазычаны з рус., дзе гэта слова ўтворана суфіксам ‑ка ад дзеяслова гаить ’закрываць; затрымліваць’.
Гайкнуць, гайкаць ’уздыхнуць, вохнуць’ (Шэйн, Песні). Гукапераймальнае. Няясна, якая сувязь з рус. га́йкаць ’крычаць «гай»’ (аб гэтым апошнім гл. Фасмер, 1, 384).